ISW: Расія выкарыстоўвае паветраныя інцыдэнты з тэрыторыі Беларусі як элемент падрыхтоўкі да магчымай вайны з НАТА

Інстытут вывучэння вайны (ISW) заявіў, што па-ранейшаму разглядае Беларусь як дэ-факта анексаваную Расіяй тэрыторыю, з якой Масква ажыццяўляе дзеянні інфармацыйна-псіхалагічнага характару супраць краін НАТА.

Паводле ацэнкі аналітыкаў, рэгулярныя ўварванні ў паветраную прастору Польшчы і Літвы з тэрыторыі Беларусі з’яўляюцца часткай так званай «нулявой фазы» магчымага канфлікту.

“ISW па-ранейшаму лічыць, што Расія дэ-факта анексавала Беларусь і выкарыстоўвае ўварванні ў паветраную прастору Польшчы і Літвы з тэрыторыі Беларусі ў рамках сваёй «нулявой фазы» — інфармацыйна-псіхалагічнай фазы стварэння ўмоў — для падрыхтоўкі да магчымай вайны паміж НАТА і Расіяй у будучыні”, — гаворыцца ў аналізе інстытута.

Аўтары нагадалі, што ў ноч з 30 на 31 студзеня аб’екты, меркавана метэазонды, другі раз за 72 гадзіны незаконна ўвайшлі ў паветраную прастору Польшчы з боку Беларусі. Як паведаміла Аператыўнае камандаванне войскаў Узброеных сіл Польшчы, радыёлакатарныя станцыі зафіксавалі аб’екты, што праніклі ў паветраную прастору Польшчы з тэрыторыі Беларусі, і, хутчэй за ўсё, гэта былі паветраныя шары.

У адказ улады часова абмежавалі выкарыстанне часткі паветранай прасторы над Падляскім ваяводствам, размешчаным на ўсходзе краіны каля мяжы з Беларуссю.

Аналагічны інцыдэнт быў зафіксаваны і ў ноч з 28 на 29 студзеня. Падобныя выпадкі парушэння паветранай прасторы Польшчы і Літвы з тэрыторыі Беларусі адбываюцца з кастрычніка 2025 года.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!