Польшча зноў заявіла аб «аб’ектах» з боку Беларусі ў сваёй паветранай прасторы

У ноч з 31 студзеня на 1 лютага 2026 года сістэмы супрацьпаветранай абароны Польшчы зафіксавалі ўварванне ў паветраную прастору краіны аб’ектаў, якія, паводле ацэнкі вайскоўцаў, нагадвалі паветраныя шары. Пра гэта паведамілі ў Аператыўным камандаванні родаў Узброеных сіл Польшчы.

“У ноч з 31 студзеня на 1 лютага 2026 года беларускі бок здзейсніў паўторную спробу разведкі і праверкі рэакцыі сістэм СПА Польшчы, якія зарэгістравалі ўварванне ў польскую паветраную прастору аб’ектаў, падобных да паветраных шароў”, — гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Паводле інфармацыі ведамства, аб’екты знаходзіліся пад кантролем вайсковых радыёлакацыйных сістэм і не ўяўлялі пагрозы для бяспекі польскай паветранай прасторы.

У камандаванні адзначылі, што падтрымліваюць пастаяннае ўзаемадзеянне з адпаведнымі службамі і ўстановамі, якім на рэгулярнай аснове перадаюцца даныя аб зафіксаваных аб’ектах. Узброеныя сілы Польшчы працягваюць несці дзяжурства і знаходзяцца ў гатоўнасці да выканання задач па захаванні бяспекі паветранай прасторы краіны.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!