Метэазонды дабраліся да Заходняй Літвы — відэа

У небе над заходнімі раёнамі Літвы раніцай 31 студзеня зафіксавалі метэазонды. Раней такія выпадкі часцей назіраліся ва Усходняй Літве, адзначае Delfi.

Партал звярнуў увагу на відэа, апублікаванае фатографам Марусам Чэпулісам у Facebook. На ім відаць два метэазонды з падвешанай скрынкай, якая, меркавана, утрымлівае кантрабанду. Паводле яго слоў, метэазонды ляцелі над Швянтоі ў бок Швецыі. Паводле яго ацэнкі, метэазонд мог знаходзіцца на вышыні каля 300 метраў.

«Гэта мы шведаў тролім, ці беларускія яйкі з кантрабандай праз усю Літву праляцелі?» — пажартаваў Чэпуліс.

Відавочцы таксама паведамлялі аб назіранні падобных аб’ектаў у іншых раёнах Заходняй Літвы — у Скуодасе, Плунгескім раёне і Мілашайчаях.

Раней з-за паветранай кантрабанды ў канцы студзеня быў часова зачынены Вільнюскі аэрапорт. Падобныя выпадкі фіксаваліся таксама ў Польшчы і Латвіі.

Нацыянальны цэнтр кіравання крызісамі паведаміў, што пакуль няма дакладных даных аб паходжанні аб’екта, але найбольш верагоднай версіяй застаецца яго запуск з Беларусі.

«Службы адсочвалі перамяшчэнне гэтага аб’екта, ён не ўяўляў пагрозы для грамадзянскай авіяцыі. Мінулай ноччу фіксавалася да 10 адзнак, якія нагадваюць метэазонды, якія рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае для гібрыднай атакі ў Літве. Пакуль у нас няма пацверджаных даных аб тым, што аб’ект, заўважаны над Балтыйскім морам, прыляцеў з гэтымі адзнакамі, але гэта найбольш рэальная версія», — паведаміў прадстаўнік цэнтра Дарыюс Бута.

Мэр Палангі Шарунас Вайткус дадаў, што ў суботу паліцыя атрымала тры паведамленні аб метэазондзе недалёка ад Швянтоі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!