Іранскае ТБ парушыла маўчанне пра пратэсты — AP

Іранскія дзяржаўныя СМІ парушылі маўчанне пра пратэсты. Пра гэта паведамляе AP.

Кароткі рэпартаж, паказаны ў 8 гадзін раніцы па дзяржаўным тэлебачанні, стаў першым афіцыйным паведамленнем пра дэманстрацыі. У ім сцвярджалася, што пратэсты суправаджаліся гвалтам з ахвярамі, але падрабязнасці не прыводзіліся. Пратэстоўцы былі названыя «тэрарыстычнымі агентамі» ЗША і Ізраіля. Таксама паведамлялася, што «падпальваліся прыватныя аўтамабілі, матацыклы, грамадскія месцы, такія як метро, пажарныя машыны і аўтобусы».

З канца снежня ў гарадах Ірана праходзяць пратэсты, якія сталі найбуйнейшымі за апошнія тры гады. Яны распаўсюдзіліся па ўсёй краіне на фоне высокай інфляцыі і рэзкага падзення нацыянальнай валюты. У чацвер былы спадчынны прынц Рэза Пахлаві звярнуўся з заклікам да іранцаў выйсці на вуліцы. Гэта надало новы імпульс пратэстам. Улады амаль цалкам адключылі ў Іране доступ да інтэрнэту, а таксама была адключаная тэлефонная сувязь.

AP са спасылкай на базіраванае ў ЗША агенцтва Human Rights Activists News Agency паведамляе, што вядома пра 42 загінулых і амаль 2,3 тыс. затрыманых.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!