Фото: facebook.com/p/International-Society-for-Human-Rights
Міжнароднае таварыства правоў чалавека (IGFM) заявіла, што не мае намеру спыняць працу па Беларусі пасля таго, як беларускія ўлады прызналі яго старонкі ў сацыяльных сетках «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
«IGFM не дазволіць запалохаць сябе гэтым рашэннем і працягне сваю працу па Беларусі», — гаворыцца ў заяве арганізацыі, апублікаванай у X.
Аўтары таксама падкрэслілі, што з моманту фальсіфікацыі выбараў 2020 года і наступных рэпрэсій сотні тысяч беларусаў пакінулі краіну, тысячы асуджаныя да працяглых тэрмінаў зняволення.
“Мы стаім на баку мужных беларусаў, якія адстойваюць правы чалавека, свабоду сходаў, свабоду прэсы, плюралізм і свабоду слова”, — заявілі ў арганізацыі.
IGFM — міжнародная недзяржаўная некамерцыйная праваабарончая арганізацыя, заснаваная ў Заходняй Германіі ў 1972 годзе. Яна мае статус удзельніка пры Савеце Еўропы і з’яўляецца членам Камітэта па сувязях з недзяржаўнымі арганізацыямі пры Савеце Еўропы.
Нагадаем, беларускія ўлады рэгулярна выкарыстоўваюць абвінавачанні ў экстрэмізме для барацьбы з палітычнымі апанентамі і іншадумствам у цэлым.