Фото: "Эпицентр"
Украінская кампанія «Эпіцэнтр» абвясціла пра спыненне вытворчасці пасля сённяшняга расійскага ўдару.
«Гэтай ноччу вораг нанёс жахлівы ўдар па вытворчай і лагістычнай інфраструктуры кампаніі „Эпіцэнтр“.
За лічаныя хвіліны расійскія ракеты разбурылі тое, што кампанія будавала дзесяцігоддзямі. Загінуў наш супрацоўнік — малады хлопец, у якога ўсё жыццё было наперадзе. Знішчаныя стратэгічныя лагістычныя магутнасці. Фактычна страчана адна з найбуйнейшых вытворчасцяў керамічнай пліткі ва Украіне», — гаворыцца ў заяве кампаніі.
Паводле яе інфармацыі, у Кіеве згарэў лагістычны цэнтр. У Калінаўцы загінуў супрацоўнік кампаніі, яшчэ тры чалавекі атрымалі раненні. Лагістычны комплекс тут таксама знішчаны.
Яшчэ адна ракета трапіла ў завод кампаніі, знішчаныя ўсе вытворчыя печы. Далейшая праца стала немагчымай.
«Мы вымушаныя прыняць вельмі цяжкае рашэнне — спыніць вытворчасць на заводзе „Epicentr Ceramic Corporation“. Каб не дапусціць дэфіцыту прадукцыі і забяспечыць бесперапыннасць паставак, у першую чаргу вытворчасць будзе перанесена на два прадпрыемствы за мяжой. Паралельна мы прыступаем да падрыхтоўкі запуску вытворчасці яшчэ на адным прадпрыемстве ва Украіне», — гаворыцца ў заяве кампаніі.
«Эпіцэнтр» спецыялізуецца на вытворчасці і гандлі таварамі для будаўніцтва, рамонту, саду і агарода, аздаблення і афармлення жылля.