Абмен вадзіцельскіх пасведчанняў і легалізацыя. Кучынскі правёў сустрэчу з Дэпартаментам міграцыі Літвы

Дарадца Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі у віленскім офісе сустрэўся з кіраўніцай Дэпартамента міграцыі МУС Літвы Індрэ Гаспарэ. Тэмай сустрэчы стала становішча беларусаў, а таксама пытанні іх легалізацыі ў Літве і афармлення розных дакументаў.

«Бакі абмеркавалі бягучую міграцыйную сітуацыю, узмацненне гуманітарнай падтрымкі беларусаў, якія ратуюцца ад рэпрэсій, а таксама практычныя крокі па спрашчэнні адміністрацыйных працэдур і інтэграцыі беларускай супольнасці ў Літве. Асаблівую ўвагу бакі надалі механізмам легалізацыі для беларусаў, вымушаных пакінуць краіну па палітычных матывах, а таксама вызваленых палітвязняў», — расказалі ў Офісе Ціханоўскай.

Кучынскі і Гаспарэ пацвердзілі магчымасць пацвярджаць у Літве дакументы аб грамадзянскім стане без апастыля для асоб з гуманітарным дазволам на жыхарства. У Офісе таксама просяць звяртацца тых, хто мае гуманітарны ДНЖ і сутыкнуўся з такімі праблемамі.

Дзяніс Кучынскі таксама перадаў Гаспарэ, якая ўваходзіць у склад савета Regitra, прапановы беларускай дыяспары па адаптацыі асобных працэдур, звязаных з вадзіцельскімі пасведчаннямі. У прыватнасці, гаворка ішла пра тое, каб літоўскі бок разгледзеў магчымасць здачы тэарэтычнага экзамену на права кіравання на беларускай мове. Акрамя таго, прапановы датычыліся спрашчэння працэдуры абмену вадзіцельскіх пасведчанняў для грамадзян Беларусі.

«На сустрэчы таксама абмяркоўваліся перспектывы правядзення тэматычнай сустрэчы прадстаўнікоў Дэпартамента міграцыі з беларускімі арганізацыямі грамадзянскай супольнасці, бізнес-структурамі і прадстаўнікамі дыяспары.

Офіс Святланы Ціханоўскай працягне прадастаўляць літоўскім дзяржаўным органам практычныя рэкамендацыі ад беларускай супольнасці і працаваць над спрашчэннем вырашэння адміністрацыйных пытанняў для беларусаў у Літве», — дадалі ў Офісе.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!