Фото: пресс-служба Лукашенко
Офіс прэзідэнта Украіны перадаў Офісу генпракурора зварот Беларускага дэмакратычнага форуму з просьбай распачаць крымінальную справу ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі.
Зварот быў накіраваны на імя прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага. Сёння намеснік кіраўніка Офіса Зяленскага Алег Татараў паведаміў, што яго перадалі генпракурору, паведамляе Форум.
«Паведамляем, што накіраваны зварот перададзены ў Офіс Генеральнага пракурора з просьбай разгледзець яго ў адпаведнасці з кампетэнцыяй, пры наяўнасці падстаў прыняць адпаведныя меры рэагавання і праінфармаваць аб выніках», — гаворыцца ў афіцыйным адказе Офіса Зяленскага.
Заснаваны Валерыем Цапкалам Форум дэмакратычных сіл прасіў даць прававую ацэнку дзеянням Лукашэнкі «ў сувязі з яго роляй у падтрымцы расійскай агрэсіі супраць Украіны, выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі для ўварвання расійскіх войскаў і інш.».
Аўтары звароту прасілі разгледзець пытанне аб адкрыцці крымінальнай вытворчасці па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса Украіны, у тым ліку якія прадугледжваюць адказнасць за вядзенне агрэсіўнай вайны, ваенныя злачынствы, фінансаванне тэрарызму, замах на тэрытарыяльную цэласнасць Украіны, прапаганду вайны і генацыд.
Нагадаем, Святлана Ціханоўская падчас візіту ў Кіеў у студзені 2026 года абмяркоўвала з Уладзімірам Зяленскім магчымасць прыцягнення Лукашэнкі да адказнасці, у тым ліку за вываз украінскіх дзяцей.