Фото: instagram.com/112by
Нікарагуа закупіць у Беларусі пажарныя машыны на крэдыт Банка развіцця Беларусі. Пагадненне аб крэдыце ўхваліў парламент Нікарагуа.
Нацыянальная асамблея Нікарагуа ўхваліла дэкрэт прэзідэнта краіны аб зацвярджэнні крэдытнага пагаднення на суму 13,9 млн долараў для фінансавання закупкі 49 пажарных аўтамабіляў, паведамляе tn8.ni.
Крэдытнае пагадненне было падпісана 6 ліпеня 2026 года паміж Банкам развіцця Беларусі і ўрадам Нікарагуа ў асобе Міністэрства фінансаў і дзяржаўнага крэдыту. Рэалізацыяй праекта будзе займацца Міністэрства ўнутраных спраў.
«Згодна з тлумачальнай запіскай, крэдыт дазволіць працягнуць працэс мадэрнізацыі абсталявання для сферы абароны, аказання дапамогі і забеспячэння бяспекі грамадзян шляхам набыцця пажарных аўтацыстэрнаў беларускай вытворчасці», – паведамляе выданне.
У 2024 годзе «Банк развіцця» і Мінфін Нікарагуа заключылі крэдытныя пагадненні аб пастаўках беларускай тэхнікі на больш як 79 млн долараў. У красавіку мінулага года было зацверджана дадатковае пагадненне аб прадастаўленні экспартных крэдытаў. У рамках пагадненняў Беларусь накіравала ў Нікарагуа будаўнічыя, грузавыя і камунальныя машыны МАЗа і «Амкадора».