Гарэцкі адхілены ад выканання кіраўнічых функцый у БАЖ на год

Праўленне Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) вынесла рашэнне па справе намесніка кіраўніка БАЖ Барыса Гарэцкага.

Па выніках разбору і з улікам заключэння знешняй эксперткі прынята рашэнне:

  • Прызнаць, што дзеянні Гарэцкага маглі быць успрынятыя як двухсэнсоўныя і інтэрпрэтаваныя як харасмент. Вынесці папярэджанне Гарэцкаму аб недапушчальнасці падобных паводзінаў у будучыні.
  • Адхіліць Гарэцкага ад выканання прадстаўніцкіх і кіраўнічых функцый у БАЖ на 12 месяцаў. У гэты тэрмін уключаецца адхіленне Гарэцкага ад выканання гэтых функцый з 14 жніўня 2025 года. Працягнуць маніторынг прафесійных адносінаў/паводзінаў Гарэцкага да заканчэння гэтага тэрміну (13 жніўня 2026 года).
  • Прыняць дадатковыя абмежавальныя меры ў дачыненні да Гарэцкага з мэтай выключэння падобных сітуацый. Абавязаць яго ажыццяўляць дзелавыя кантакты толькі ў працоўны час або ў працоўнай прасторы, або з выкарыстаннем зацверджаных каналаў дзелавой камунікацыі.
  • Абавязаць Гарэцкага прайсці навучанне па пытаннях недапушчальнасці харасменту і парушэння асабістых межаў у прафесійнай дзейнасці.
  • Працягнуць распрацоўку комплекснай гендарнай палітыкі БАЖ, а таксама плана яе ўкаранення, рэалізацыі, маніторынгу і ацэнкі. У межах гендарнай палітыкі прыняць Рэгламент разгляду і рэагавання на скаргі аб харасменце.
  • Прыняць да ведама распрацаваны эксперткай чэк-ліст (кантрольны спіс) па рэагаванні на выпадкі харасменту.
  • Да зацвярджэння Рэгламенту працягнуць працу ўпаўнаважаных праўленнем асоб па зборы інфармацыі аб магчымым харасменце ў прафесійнай дзейнасці з боку прадстаўнікоў БАЖ.
  • Прыцягваць да ацэнкі атрыманай інфармацыі незалежных экспертаў.
  • Забяспечыць баланс паміж празрыстасцю працы па прадухіленні харасменту і абаронай персанальных даных.
  • Арганізаваць правядзенне інструктажу для ўсіх супрацоўнікаў БАЖ з мэтай недапушчэння харасменту. Праводзіць такі інструктаж штогод.
  • З улікам высокай грамадскай значнасці праблемы гендарнага гвалту і дамаганняў на працоўным месцы працягваць рэгулярна інфарміраваць грамадзянскую супольнасць і медыясектар аб рэалізацыі гендарнай палітыкі ў БАЖ.

Нагадаем, праўленне БАЖ у жніўні 2025 года прыняло рашэнне пачаць разбор па сітуацыі вакол магчымых фактаў харасменту з боку намесніка старшыні БАЖ Барыса Гарэцкага. З інфармацыяй аб такіх абвінавачаннях у Праўленне звярнуўся сам Гарэцкі.

Праўленне БАЖ апублікавала Рэгламент, які вызначыў правілы падачы заяў аб харасменце і апісаў парадак працы ўпаўнаважаных арганізацыяй асоб з прадстаўленай інфармацыяй. Заявы прымаліся да 1 кастрычніка.

17 кастрычніка праўленне БАЖ разгледзела выніковы даклад упаўнаважаных асоб па выніках збору інфармацыі. Была атрымана адна заява ад асобы, якая лічыць сябе пацярпелай. Заяўніца адмовілася ад далейшай камунікацыі. Атрыманай інфармацыі аказалася недастаткова для прыняцця рашэння аб кваліфікацыі дзеянняў Гарэцкага як харасменту.

Праўленне БАЖ падоўжыла разбор да 1 снежня і прыцягнула да ацэнкі знешняга эксперта. 17 снежня экспертка прадставіла сваё заключэнне.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!