Скрыншот эфіра СЧТН.
Чарговы выпуск нашай забаўляльна-канспіралагічнай перадачы “Саша, што ты нясеш?!” выклікаў нервовую рэакцыю вядомых людзей — Уладзіслава Чаховіча і Сяргея Бесараба, якія прынялі на свой рахунак нашыя разважанні пра атаку “Кіберпартызанаў” на сайт Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Уладзіслаў Чаховіч абвінаваціў асабіста мяне ў “дэманстрацыі агульнага пах#$му да бедаў іншых” і параўнаў з Лукашэнкам. Калі фармат СЧТН падаўся некарэктным і грубым, паспрабую адказаць на прэтэнзіі даследчыка тэкстам.
27 сакавіка «Кіберпартызаны» размясцілі на старонцы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі віншаванні з Днём Волі. «Упрыгожваем Нацыянальную бібліятэку ў нацыянальныя колеры», — паведамілі яны ў сваім тэлеграме і прадэманстравалі скрыншоты з сайта. У сеціве ўзнялася хваля крытыкі ў адрас «Кіберпартызанаў». Беларускія даследчыкі пісалі, што пасля атакі быў страчаны доступ да важных рэсурсаў на платформе. Раз’юшаныя навукоўцы параўналі хакераў з тымі, хто паліць кнігі.
«Кіберпартызаны» адказалі, што толькі замянілі галоўную старонку сайта бібліятэкі, але ні каталог, ні іншыя рэсурсы атакай не былі пашкоджаныя. Адключэнне — гэта ініцыятыва адміністрацыі бібліятэкі на чале з Гігіным.
Складана было не правесці аналогіі з актывістамі, якія ў Мінску пісалі на сценах палітычныя графіці, а неабыякавыя жыхары абвінавачвалі іх у вандалізме. Для сябе гэтую складаную маральную дылему я вырашыў даўно — у краіне, дзе забіваюць палітычных апанентаў, сцены могуць і пацярпець. Пра гэта мы і паразважалі ў эфіры.
Мне ўвогуле вельмі не блізкая логіка, паводле якой рэпрэсіі ў Беларусі адбываюцца таму, што Калеснікава прапаноўвала “дзяўбці”, а Ціханоўская наважылася пайсці на выбары замест свайго мужа. Не падабаецца мне і лозунг “Не злаваць дзеда”.
Калі мяне ў пачатку 2000-х “выпільвалі” з аспірантуры з-за таго, што я працаваў у “Хартыі’97”, калегі па кафедры казалі мне: “Ну ты ж усё разумееш”. А адзін нават напісаў данос. Не разумеў гэтага я тады, не разумею і цяпер. Дарэчы, так мая кар’ера даследчыка і скончылася.
Давайце паўтару гэты нескладаны тэзіс яшчэ раз і вельмі спадзяюся, што адукаваныя разважлівыя людзі мяне зразумеюць: каталог адключыў і сайт Нацбібліятэкі закрыў Гігін і кампанія, а не “Кіберпартызаны”. Калі Чаховічу і Бесарабу зручна вымесціць крыўду і злосць на мне або “Кіберпартызанах”, я зразумею, але не прыніжайце сябе вычварнай логікай, спрабуючы абвінаваціць мяне ў сваіх праблемах.
Гэты блок я пішу для тых, хто прачытаў пост Чаховіча. Спадар Чаховіч схлусіў.
***
Меркаванні і ацэнкі аўтара могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Reform.news