Фото: Алексей Астрелин, Вячеслав Кравчук
У Белавежскай пушчы выяўлены ўнікальны рэліктавы мох – антытрыхія павіслая (Antitrichia curtipendula). Як паведамілі ў навуковым аддзеле нацыянальнага парку, яго знайшоў супрацоўнік ІЭБ НАН Беларусі Аляксей Астрэлін.
“Для тэрыторыі сучаснай Беларусі гэта фактычна першая пацверджаная рэгістрацыя віду ў гісторыі. У навуковых архівах існавала толькі два згадванні канца XIX – пачатку XX стагоддзя. Гэта даследаванні Блонскага, Эйсманда і Дрымера 1888 года, а таксама Флейшэра 1919 года. Блонскі знайшоў яго «адзін-адзіны раз на ссечаным дубе ў Гайнаўскай стражы паблізу ручая Лютоўня».
Аднак тэрыторыя гэтай стражы сёння цалкам размешчана ў польскай частцы Белавежскай пушчы. Пасля 1919 года гэты мох у рэгіёне больш не знаходзілі. Праз стагоддзе забыцця новае месца вырастання выяўлена таксама на дубе – у тэрмафільнай дуброве на тэрыторыі былога зубрагадавальніка”, – расказалі ў навуковым аддзеле.
Адзначаецца, што рэдкі мох засяліў ствол дуба, які ўпаў не менш за 20 гадоў таму.
“Глыбокая стадыя раскладання мёртвай драўніны стварыла тую самую спецыфічную фізіка-хімічную матрыцу і стабільны мікраклімат, без якіх існаванне гэтага капрызнага віду было б немагчымым.
Гэты факт наглядна даказвае найважнейшую асяроддзеўтваральную ролю буйнога ляснога ламачча, выдаленне якога з экасістэмы вядзе да незваротнага збяднення біяразнастайнасці”, – патлумачылі ў навуковым аддзеле.
Апошнім часам на сайце Нацыянальнага парку “Белавежская пушча” сталі з’яўляцца нататкі пра рэдкія і ўнікальныя віды, для якіх важная наяўнасць старога ламачча.
Трэба адзначыць, што нядаўна Аляксандр Лукашэнка падчас паездкі ў Брэсцкую вобласць якраз патрабаваў «навесці парадак» у Белавежскай пушчы, праўда, у выніку пагадзіўся, што запаведную частку ляснога масіву чапаць не варта.