Фота: скрын з сайта Нацыянальнай бібліятэкі. Крыніца: pozirk.online.
У сеціве паднялася хваля крытыкі ў адрас “Кіберпартызанаў”. Беларускія даследчыкі пішуць, што пасля атакі супольнасці 25 сакавіка на сайт Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі быў страчаны доступ да важных рэсурсаў на платформе. Раз’юшаныя навукоўцы пачынаюць параўноўваюць хакераў з тымі асобамі, хто паляць кнігі. Але ці сапраўды “Кіберпартызаны” ўзламалі сайт? Ці іх віна ў тым, што зараз няма доступу да пэўных рэсурсаў? Reform.news звярнуўся да супольнасці хакераў і пераканаўся, што яны не адключалі сістэму.
На Дзень Волі “Кіберпартызаны” размясцілі на старонцы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі віншаванні з 25 сакавіка. “Упрыгожваем Нацыянальную бібліятэку ў нацыянальныя колеры”, – паведамілі яны ў сваім тэлеграме і прадэманстравалі скрыны з сайта. На ім – калаж з заснавальнікамі БНР, а таксама надпісы “Жыве Беларусь!”. Таксама ішла гаворка пра абразлівы надпіс пра Лукашэнку.
Але ніхто не паведамляў пра знос каталогаў і базаў дадзеных.
Тым не менш паведамленне суполкі шмат хто ўспрыняў менавіта як узлом сістэмы. У сеціве пачалася крытыка дзеянняў “Кіберпартызанаў”, бо ў апошні час пэўныя рэсурсы на сайце перасталі быць дасяжнымі.
Так, у прыватнасці, пра закрыты доступ да Зводнага электроннага каталогу бібліятэк Беларусі, які размяшчаўся на сайце Нацыяльнай бібліятэкі, паведаміў рэдактар беларускай Вікіпедыі Уладзіслаў Чаховіч.
“[…]для мяне, як беларускага вікіпедыста, сайт Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – гэта крытычна важная інфраструктура. На гэтым сайце размешчаны адразу дзве базы, без якіх немагчыма пашыраць беларушчыну, пішучы пра яе артыкулы: Зводны электронны каталог бібліятэк Беларусі і анлайн-энцыклапедыя «Беларусь у асобах і падзеях». Цяпер абодва рэсурсы, размешчаныя на nlb.by, недаступныя”, – паскардзіўся ён на праблемы, якія ўзніклі пасля 25 сакавіка.
Тое, што сайт бібліятэкі не адкрываецца, пацвердзілі і іншыя навукоўцы і даследчыкі.
“Менавіта ў гэты момант мне спатрэбілася аформіць бібліяграфію на сотню пунктаў, з артыкуламі… Без НББ як без рук”, – пазначаюць праблему карыстальнікі.
Але ці гэта віна “Кіберпартызанаў”? Reform.news звярнуўся да супольнасці і папрасіў пракаментаваць сітуацыю.
Хакеры падкрэслілі, што не ўваходзілі ва ўнутраныя сістэмы бібліятэкі і нічога там не чапалі.
“Падчас акцыі мы толькі змянілі на сайце Нацыянальнай бібліятэкі малюнкі, – заўважае каманда. – Паставілі выявы з нацыянальнымі колерамі і віншаваннямі. Мы не парушалі працу сайта і нават не адключалі яго. Бо сэнс акцыі, каб людзі маглі заходзіць на сайт і бачыць віншаванні. Парушылі працу сайта лукашысты, якім гэта не падабаецца.
Па аналогіі гэта можна параўнаць з тым, як вы прыйшлі б у Нацыянальную бібліятэку і павесілі на дзверы плакат з віншаваннямі. Ці парушае гэта працу будынка? Не парушае.
Дык і мы не ўваходзілі ва ўнутраныя сістэмы бібліятэкі і нічога там не чапалі. Калі мы атакуем унутраныя сістэмы, то так і пішам у паблік”.
“Кіберпартызаны” заклікалі быць больш крытычнымі ў дачыненні да інфармацыі, перш чым выносіць вердыкты.
“Мы заклікаем публічных асоб быць уважнымі ў сваіх меркаваннях на паблік. Спачатку сабраць доказы, звярнуцца за каментарамі да нас. Лепей спачатку удакладніце, спытайце, чым адразу кідаць выдумкі і абвінавачанні без доказаў. Бо вашыя “дапушчэнні” з галавы падхопліваюць правакатары рэжыму, ператвараючы іх на “сцвярджэнні”, каб яшчэ больш унесці разлад у грамадзянскую супольнасць. Такім чынам гэта праца на руку лукашызму”, – заўважылі яны.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram