ЕС выказаў занепакоенасць з-за Ірана і заклікаў праяўляць стрыманасць

Еўрасаюз выказвае занепакоенасць падзеямі ў Іране і заклікае бакі канфлікту праяўляць стрыманасць. Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве старшыні Еўрасавета Антоніу Кошты і кіраўніцы Еўракамісіі Урсулы фон дэр Ляен.

“Падзеі ў Іране выклікаюць сур’ёзную занепакоенасць. Мы падтрымліваем цесны кантакт з нашымі партнёрамі ў рэгіёне.

Мы пацвярджаем нашу непахісную прыхільнасць забеспячэнню рэгіянальнай бяспекі і стабільнасці.

Забеспячэнне ядзернай бяспекі і прадухіленне любых дзеянняў, якія могуць прывесці да далейшай эскалацыі напружанасці або падарваць глабальны рэжым нераспаўсюджвання, мае крытычна важнае значэнне”, — гаворыцца ў заяве.

У ёй падкрэсліваецца, што ЕС увёў маштабныя санкцыі ў адказ на дзеянні іранскага рэжыму і Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі, а таксама паслядоўныя дыпламатычныя намаганні, накіраваныя на вырашэнне праблем ядзернай і балістычнай праграм шляхам перамоў.

“У цесным супрацоўніцтве з дзяржавамі-членамі ЕС мы прымем усе неабходныя крокі для таго, каб грамадзяне ЕС у рэгіёне маглі разлічваць на нашу ўсебаковую падтрымку.

Мы заклікаем усе бакі праяўляць максімальную стрыманасць, абараняць грамадзянскае насельніцтва і ў поўнай меры выконваць міжнароднае права”, — гаворыцца ў заяве.

Нагадаем, сёння раніцай Ізраіль пры падтрымцы ЗША атакаваў Іран. Былі нанесены ракетныя ўдары па ўрадавых будынках. ВПС Ізраіля працягваюць атакаваць аб’екты на тэрыторыі Ірана. У адказ Тэгеран ударыў па амерыканскіх ваенных аб’ектах у ААЭ, Бахрэйне, Кувейце і Катары.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!