Дональд Трапм. Скриншот видео: truthsocial.com
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што Злучаныя Штаты пачалі маштабную ваенную аперацыю супраць Ірана, каб ліквідаваць пагрозы з боку іранскага ўрада. Відэазварот апублікаваны ў сацыяльнай сетцы Truth Social.
Паводле слоў Трампа, мэтай аперацыі з’яўляецца знішчэнне ядзернай праграмы Ірана і ліквідацыя пагрозы для амерыканскіх грамадзян, саюзнікаў і ваенных баз за мяжой.
“Нядаўна ўзброеныя сілы ЗША пачалі буйнамаштабныя баявыя аперацыі ў Іране. Наша мэта — абараніць амерыканскі народ, ліквідаваўшы непасрэдную пагрозу з боку іранскага рэжыму — жорсткай групы вельмі жорсткіх, жудасных людзей. Іх зламысныя дзеянні непасрэдна пагражаюць Злучаным Штатам, нашым войскам, нашым базам за мяжой і нашым саюзнікам па ўсім свеце”, — заявіў амерыканскі лідар.
У звароце Трамп пералічыў дзеянні Ірана, якія ён назваў абгрунтаваннем для ўдару: захоп амерыканскага пасольства ў Тэгеране ў 1979 годзе, тэракт супраць казармы марской пяхоты ў Бейруце ў 1983 годзе, які забраў жыцці 241 вайскоўца, атаку на эсмінец USS Cole у 2000 годзе, падтрымку тэрарыстычных груповак на Блізкім Усходзе і датычнасць да нападу ХАМАС на Ізраіль 7 кастрычніка.
Трамп нагадаў, што ў чэрвені падчас аперацыі Midnight Hammer ЗША ўжо нанеслі ўдары па ядзерных аб’ектах Ірана ў Фардо, Натанзе і Ісфахане. Пасля гэтага, паводле яго слоў, Вашынгтон неаднаразова прапаноўваў Тэгерану заключыць пагадненне, аднак іранскі бок адхіліў усе прапановы і прыступіў да аднаўлення ядзернай праграмы.
“Па гэтых прычынах узброеныя сілы Злучаных Штатаў праводзяць маштабную і бесперапынную аперацыю, каб не дапусціць пагрозы з боку гэтай надзвычай злобнай, радыкальнай дыктатуры для Амерыкі і нашых асноўных інтарэсаў у галіне нацыянальнай бяспекі. Мы знішчым іх ракеты і зраўняем з зямлёй іх ракетную прамысловасць — яна будзе цалкам, паўтараю, знішчана.
Мы знішчым іх ваенна-марскі флот. Мы забяспечым, каб тэрарыстычныя групоўкі ў рэгіёне больш не маглі дэстабілізаваць рэгіён або свет, нападаць на нашы войскі або выкарыстоўваць свае самаробныя выбуховыя прылады — або прыдарожныя бомбы, як іх часам называюць — для нанясення цяжкіх раненняў і забойства тысяч і тысяч людзей, у тым ліку многіх амерыканцаў. І мы забяспечым, каб Іран не атрымаў ядзерную зброю. Гэта вельмі простае пасланне: яны ніколі не атрымаюць ядзерную зброю”, — заявіў ён.
Трамп прызнаў, што сярод амерыканскіх вайскоўцаў могуць быць страты.
“Але мы робім гэта не дзеля цяперашняга моманту — мы робім гэта дзеля будучыні, і гэта высакародная місія”, — сказаў ён.
Асобна прэзідэнт ЗША звярнуўся да вайскоўцаў Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі, заклікаўшы іх скласці зброю ў абмен на поўны імунітэт, прыгразіўшы ў адваротным выпадку «непазбежнай гібеллю». Грамадзянам Ірана ён параіў заставацца дома і схавацца ў бяспечным месцы, паабяцаўшы, што пасля завяршэння аперацыі яны змогуць узяць уладу ў свае рукі.
«Гэта, верагодна, будзе ваш адзіны шанец на працягу пакаленняў», — сказаў ён.