Андрэй Куціла на кінафестывалі ў Загрэбе. Фота: сацсеткі фэсту.
Дакументальная карціна “Лісты” (“Лісты з маўклівай краіны”) беларускага дакументаліста Андрэя Куцілы трапіла ў праграму Венецыянскай Мостры – аднога з найбуйнешых кінафестываляў свету. Каманда форуму сёння назвала ўдзельнікаў праграмы.
Стужка, прысвечаная палітвязням, будзе паказана ў секцыі Venice Open (па-за конкурсам), але ўдзел у адным з трох найвядомейшых сусветных кінафестываляў “класа А” – вялікі поспех для беларускага кіно. Фільм створаны ў капрадукцыі: Польшча, Германія, Літва.
Да гэтага ў праграму Мостры трапляла карціна Ігара Дабралюбава “Іван Макаравіч” і “Ідзі і глядзі” Элема Клімава паводле твораў Алеся Адамовіча, створаныя ў часы савецкага беларускага кінематаграфа. “Лісты” стануць, бадай, першым дакументальным фільмам ад аўтара незалежнай Беларусі, паказаным у Венецыі.
Над дакументальнай поўнаметражнай стужкай Андрэй Куціла працаваў больш за пяць гадоў. Яна распавядае пра сузвязь беларускіх палітзняволеных з роднымі праз муры турмы – як гэта тонкая сувязь трымаеццца праз лісты.
Андрэй Куціла – беларускі дакументаліст, вядомы такімі карцінамі як: “Стрыптыз і вайна”, Summa, “Абдымкаў трэба мне тваіх”, “Святая вада”, “Калі кветкі не маўчаць”. Лаўрэат шматлікіх міжнародных і нацыянальных кінафорумаў, сузаснавальнік Беларускай незалежнай кінаакадэміі. З 2020 года жыве ў Лодзі.
Венецыянскі кінафестываль пройдзе з 2 па 12 верасня.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram