Дзмітрый Баскаў пашырае бізнес пад брэндам Lepshy – «Бюро»

Выданне «Бюро» пры садзейнічанні «Кіберпартызан» высветліла, што Дзмітрый Баскаў — сенатар і бізнесмен, набліжаны да «сям’і» Аляксандра Лукашэнкі — зарэгістраваў яшчэ дзве кампаніі пад брэндам «Лепшы» (Lepshy).

Першая з іх — «Лепшы хлеб» — з’явілася ў верасні 2023 года. Кампанія займаецца вытворчасцю хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў. У яе актывах значацца нарыхтоўчы цэх, кафэ і дзве пякарні ў гандлёвых цэнтрах Мінска. Баскаву належыць 60% прадпрыемства. Астатнія 40% у роўных долях запісаны на двух беларусаў: Арцёма Васільева і Паўла Турбана. Апошні, паводле «Кіберпартызан», працаваў у Федэрацыі хакея Беларусі і поварам у хакейным клубе «Дынама-Мінск».

Другая структура — «Лепшы экіпіровачны цэнтр» — зарэгістравана ў маі 2025 года. У кастрычніку таго ж года ў мінскай «Алімпік-Арэне» адкрыўся флагманскі магазін Lepshy hockey, пазіцыянаваны як найбуйнейшы ў Беларусі цэнтр хакейнай экіпіроўкі. Баскаву належыць кантрольны пакет — 51%. На адкрыцці ён прысутнічаў асабіста, аднак дзяржаўныя СМІ прадставілі яго толькі як члена Савета Рэспублікі, ніяк не ўзгадаўшы яго сувязь з бізнесам.

Другі ўласнік крамы Lepshy hockey – Норберт Масальскі, у яго доля ў 15%. Гандаль хакейнай экіпіроўкай Норберт Масальскі сумяшчае з працай у Федэрацыі хакея Беларусі.

Менш чым за тры месяцы працы выручка крамы склала каля 350 тысяч еўра, чысты прыбытак па выніках 2025 года — амаль 21,5 тысячы еўра.

«Бюро» праверыла тэндарныя закупкі «Лепшага экіпіровачнага цэнтра». Паводле інфармацыі выдання, за тры няпоўныя месяцы 2025 года фірма заключыла кантракты на пастаўку хакейнай экіпіроўкі дзяржаўным арганізацыям амаль на 130 тысяч еўра, а да красавіка 2026 года гэтая сума вырасла амаль да 200 тысяч еўра. Большасць кантрактаў заключалася па працэдуры закупкі з адной крыніцы.

У верасні 2022 года ў Лукашэнкі анансавалі запуск бомбераў пад брэндам Lepshy. Рэалізацыяй новага мерчу Лукашэнкі занялася фірма «Лепшы брэнд». «Зеркало» паведамляла, што 80% гэтай кампаніі належыць Дзмітрыю Баскаву і 20% запісаны на нейкую Марыну Анфілаву.

Раней “Бюро” паведамляла і пра іншыя актывы Баскава: рытэйл, піваварню і будаўнічыя актывы.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!