У гэтым годзе споўніцца 40 гадоў з дня аварыі на Чарнобыльскай АЭС, якая стала найбуйнейшай тэхнагеннай катастрофай у гісторыі і паўплывала на лёсы сотняў тысяч беларусаў і беларусак на дзесяцігоддзі наперад.
Адмыслова да даты экалагічныя арганізацыі «Зялёная сетка», «Экадом» і Альянс «Зялёная Беларусь» аб’ядналіся ў супольную ініцыятыву — кампанію «Пасля Чарнобыля: 40 дзён разважанняў пра здароўе, памяць і будучыню», якая ахопіць дзясяткі гарадоў па ўсім свеце.
“Культурны фронт” Reform.news вылучыў культурныя ініцыятывы ў вялікай праграме івэнтаў.
Вільнюс: Чытка «Чарнобыльскай малітвы»
Адной з найяскравейшых падзей у праграме кампаніі стане чытка твора беларускай нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч у тэатры Mroj-Hall. На сцэну выйдуць людзі, чые ўласныя жыцці сталі сімвалам нязломнасці: былыя палітзняволеныя Наталля Дуліна і Вольга Такарчук, актывістка Вольга Павук, а таксама прафесійныя акцёры. Маналогі з кнігі Святланы Алексіевіч прагучаць на беларускай мове, ствараючы сувязную нітку паміж трагедыяй мінулага і выпрабаваннямі сучаснасці.
Калі: 26 красавіка, 18:00. Дзе: Mroj-Hall (Gedimino pr. 28).
Тбілісі: Спектакль-рэфлексія паводле «Чарнобыльскай малітвы»
Рэжысёрка Ніка Чыкваідзэ прадстаўляе сваё прачытанне знакамітага твора Святланы Алексіевіч. Гэта пастаноўка-рэфлексія пра тое, як адно імгненне можа ператварыць паўсядзённае жыццё ў зону адчужэння. Тэатр Грыбаедава абяцае гледачам глыбокае пагружэнне ў «чарнобыльскі свет» праз магутныя акцёрскія працы і візуальны сімвалізм. Спектакль становіцца важнай кропкай на мапе памяці, яднаючы беларускі і грузінскі досвед перажывання катастроф.
Калі: 26 красавіка, 20:00. Дзе: Тэатр імя А. С. Грыбаедава (пр. Руставелі, 2).
Цюрых: Канцэрт «Песні зніклых вёсак»
Музыка і этнограф Сяржук Доўгушаў прывязе ў Швейцарыю ўнікальную праграму. Гэта спевы, сабраныя ў экспедыцыях па адселеных вёсках Гомельшчыны. Архаічныя спевы, якія маглі знікнуць разам з забруджанай зямлёй, атрымаюць новае жыццё.
Калі: 26 красавіка, 17:30. Дзе: Josefstrasse 102.
Варшава: Дабрачынная рэйв-акцыя
Калектыў Belarus Outside Sound System ладзіць івэнт для тых, хто асэнсоўвае памяць праз электронную культуру і салідарнасць. Увесь лайн-ап складзены з жывых (LIVE) электронных выступаў: беларускія музыканты будуць працаваць выключна з апаратнымі інструментамі — сінтэзатарамі і модульнымі сістэмамі — без выкарыстання камп’ютараў, ствараючы гукавое палатно «тут і цяпер».
Музычная праграма абяцае быць медытатыўнай і адначасова інтэнсіўнай: ад дрон-эмбіента да эксперыментальнага тэхна. Сярод удзельнікаў: I/DEX, Pocket Rave, kaini, SYNTRIG і mufer.
Усе сабраныя сродкі пойдуць на падтрымку палітвязняў.
Калі: 24 красавіка, 23:30. Дзе: Klub Mechanik (ul. Narbutta 87).
Выстава Ксішы Ангелавай «Пакажы мне сваю рану»
Мастачка працуе з тэмай калектыўнай траўмы. Праз 40 мастацкіх прац яе праект даследуе экзістэнцыйны жах перад «нябачным ворагам» — радыяцыяй і наступствамі Чарнобыльскай катастрофы.
«Я стварала выставу «Пакажы мне сваю рану» на падставе асабістай і сямейнай гісторыі, архіўных матэрыялаў і досведзе працы ў забруджаных раёнах. Гэта апавяданні ад першай асобы людзей, якія памятаюць выбух, цішыню замоўчвання і неабходнасць эвакуацыi ад чагосьці «нябачнага». Чарнобыль – гэта катастрофа, якая перагарнула нашае ўяўленне аб бяспецы, бо ад невядомага не схавацца», – распавядае пра выставу аўтарка.
Дзе: Страсбург (да 26 красавіка), Вільнюс (адкрыццё 3 траўня ў Цэнтры беларускай супольнасці).
Гэта кранальная гісторыя 12-гадовай дзяўчынкі з Прыпяці, якая марыць пра балет, але апынаецца ў эпіцэнтры ядзернай катастрофы. Фільм, які быў намінаваны ад Украіны на прэмію «Оскар», распавядае пра сустрэчу маленькай Аўроры з сусветнай зоркай балета ў клініцы ЗША. Гэта гісторыя пра тое, як нават перад тварам смерці надзея і мастацтва дапамагаюць заставацца чалавекам. Рэжысёрам кіно з’яўляецца Аксана Байрак.
Фільм пакажуць у Вільнюсе, Клайпедзе, Таліне і Батумі.
Для тых, хто гатовы размаўляць пра складанае праз прызму іроніі, у Вільні пройдзе «Тэрмаядзерны стэндап». Гэта фармат для асэнсавання страхаў, стэрэатыпаў і нашай «ядзернай» рэчаіснасці без залішняга пафасу, але з глыбокім сэнсам.
Калі: 27 красавіка, 20:00. Дзе: Line Up (Geležinkelio g. 6).
Глядзець поўную праграму мерапрыемстваў можна тут.
Варта дадаць, што арганізатары падрыхтавалі таксама карысны чэк-ліст здароўя, які дапаможа кантраляваць стан арганізма з улікам доўгатэрміновага ўплыву радыяцыі.
Спампаваць яго тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram