Скриншот трансляции
Канцлер ФРГ Фрыдрых Мерц і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі дамовіліся пра новы пакет ваеннай дапамогі. Пра гэта яны абвясцілі на сумеснай прэс-канферэнцыі.
Гаворка ідзе пра пастаўкі дальнабойнай зброі, ППА, беспілотнікаў. Акрамя таго, бакі маюць планы па развіцці сумесных праектаў у сферы ўзбраенняў.
“Адным з прыкладаў з’яўляецца падпісанае нашымі міністрамі абароны пагадненне пра абмен лічбавымі баявымі данымі для распрацоўкі новых сістэм узбраенняў. Значэнне гэтага пагаднення цяжка пераацаніць”, – сказаў Мерц.
Усяго, паводле слоў Зяленскага, былі падпісаны дзесяць розных пагадненняў. Украінскі прэзідэнт падкрэсліў, што найбольш важным з’яўляецца пагадненне ў сферы ППА. Гаворка ідзе пра ракеты, пускавыя ўстаноўкі.
“Мы павінны забяспечыць такія магчымасці, калі еўрапейцы змогуць вырабляць тут у Еўропе ўсё, што крытычна неабходна для абароны Еўропы. Наша еўрапейская прамысловасць, наша тэхналагічная база, нашы ваенныя і палітычныя магчымасці павінны быць дастатковыя, каб у любых умовах забяспечыць Еўропе, кожнай краіне, кожнаму народу надзейную абарону. Гэта датычыцца магчымасці Еўропы выпускаць супрацьбалістычныя ракеты, а таксама сродкі абароны ад любых тыпаў беспілотнікаў”, – сказаў ён.
Зяленскі адзначыў, што прапанаваў Германіі пагадненне па беспілотніках, якое датычыцца вытворчасці дронаў, праграмнага забеспячэння і інш.
Падчас брыфінгу Мерц таксама выказаў падтрымку ўступленню Украіны ў Еўрасаюз, запэўніў, што працягваецца праца над 20-м пакетам санкцый.
«Мы будзем цесна каардынаваць свае дзеянні, каб спрыяць вяртанню на радзіму грамадзян Украіны, якія шукалі ў нас прытулак», – заявіў канцлер.
Ён адзначыў падтрымку намаганняў Украіны па змяншэнні колькасці ўкраінскіх мужчын прызыўнога ўзросту, якія пакідаюць краіну.
«Гэта важна для забеспячэння абароназдольнасці, сацыяльнай згуртаванасці і аднаўлення. Нам патрэбен хуткі, адчувальны прагрэс у гэтым пытанні. Гэта таксама адпавядае інтарэсам абодвух бакоў», – падкрэсліў кіраўнік нямецкага ўрада.