Мариам Сума и её дочь Сабина, приехавшая из Беларуси в Гвинею. 23 мая 2026. Справа Сабина на руках консула Гвинеи. Фото: svaboda.org
23-гадовай грамадзянцы Гвінеі Марыям Суме ўдалося ўз’яднацца са сваёй дачкой Сабінай праз 10 месяцаў пасля дэпартацыі з Беларусі. 23 мая дзяўчынка прыляцела ў сталіцу Гвінеі Канакры з Масквы ў суправаджэнні консула Гвінеі і медыцынскага работніка, піша «Радыё Свабода».
«Я не ведаю, як правільна выказаць свае думкі — радасць такая велізарная! Я, маці, разлучаная са сваім дзіцем з самага нараджэння, нават сабе не магу перадаць выпрабаванні, з якімі сутыкнулася на працягу месяцаў. І сёння Бог паклаў канец маім пакутам. Я дзякую ўладам Беларусі за тое, што выратавалі адразу два жыцці, і міжнародным гуманітарным арганізацыям — ААН, асабліва UNICEF-Беларусь, агенцтву AFP і іншым медыя. Яны сапраўды змагаліся за мяне і маю дачку. Дзякуючы ім урад Гвінеі, ведаючы, што адна з грамадзян Гвінеі апынулася ў цяжкай сітуацыі, прыйшоў на дапамогу, каб маё дзіця магло быць з маці», — сказала Марыям.
Сабіна нарадзілася ў лістападзе 2024 года неданошанай, вагой усяго 600 грамаў. Беларускія лекары выратавалі жыцці маці і дзіцяці падчас заўчасных родаў. Калі дзяўчынцы было 4 месяцы, яе перавялі ў дзіцячы дом у Мінску, а маці да яе больш не дапускалі. З Марыям запатрабавалі больш за 30 тысяч долараў за лячэнне дзіцяці, хаця, паводле яе слоў, у яе была гадавая медыцынская страхоўка. На пачатку 2025 года ўлады Беларусі дэпартавалі Марыям у Гвінею, пакінуўшы нованароджанае дзіця ў Мінску.
Уз’яднанню сям’і папярэднічала працяглая праца міжнародных арганізацый. Ад імя Марыям быў накіраваны запыт у камітэты ААН па правах дзіцяці і правах жанчын, а таксама да спецыяльных дакладчыкаў. Пасольства Гвінеі ў Маскве аформіла для дзяўчынкі праязны дакумент, два аддзяленні UNICEF каардынавалі яе вываз.
Праваабаронца з Human Constanta, якая займалася гэтай справай, назвала тое, што адбылося, грубым парушэннем правоў дзіцяці. Паводле яе слоў, міграцыйныя органы паспяшаліся дэпартаваць маці, не ўлічыўшы інтарэсы дзіцяці, хаця маглі дачакацца выпіскі дзяўчынкі з бальніцы і выслаць іх абедзвюх. Марыям не была пазбаўленая бацькоўскіх правоў, разлучэнне адбылося без якіх-небудзь прававых падстаў.
«Так, Марыям, яе маці, парушала заканадаўства, былі падставы яе дэпартаваць. Але інтарэсы дзіцяці не былі ўлічаныя. Міграцыйная служба разам з міліцыяй паспяшаліся дэпартаваць Марыям і пакінулі гэтае дзіця адно. Насамрэч адбылося жудаснае парушэнне правоў дзіцяці, якое нічога дрэннага не зрабіла, але засталося без маці на паўтара года», — падкрэсліла яна.
Паводле слоў праваабаронцы, паўтара года дзяўчынка жыла ў дзіцячым доме толькі таму, што міграцыйныя органы паспяшаліся дэпартаваць маці. Маглі выслаць абедзвюх, але вельмі хацелася «наводзіць парадак».
Улады Беларусі не адказалі на запыты агенцтва AFP з просьбай пракаментаваць сітуацыю.