<blockquote class=”info”><strong>Падпісвайцеся <a href=”https://t.me/cult_front”>на культурныя навіны Reform.news</a> у Telegram</strong></blockquote>
Падляшша – унікальны памежны рэгіён Польшчы, дзе сустракаюцца заходняя і ўсходняя хрысціянскія традыцыі, а беларуская мова і культура з’яўляюцца арганічнай часткай мясцовага ландшафту. Але ў выніку складанага гістарычнага кантэксту для некаторых пакаленняў уласная нацыянальная ідэнтычнасць стала адкрыццём, якое сфарміравала іх далейшы шлях.
У праекце мы распавядаем гісторыі знакавых беларусаў Падляшша і Беласточчыны, для якіх нацыянальная ідэнтычнасць стала вынікам свядомага выбару.
Гэтым разам мы выправіліся па героя ў вёску Біндзюга, дабрацца да якой наважацца хіба сапраўдныя адчайдухі. Размешчаная паміж Міхаловам і Наравам, за 18 кіламетраў ад Беларусі, яна вядомая тым, што ўжо некалькі гадоў там пануе самаабвешчаная Рэспубліка Біндзюга. Самаабвесціў яе ніхто іншы як Януш Гаўрылюк – руплівец беларускага кіно, сузаснавальнік фестываляў «Бульбамуві» ды Prekupalle, кіраўнік Belsat Doc, і па сумяшчальнасці Прэзідэнт той самай «РБ». Януш ужо больш за 30 гадоў шчыруе на ніве беларускай культуры, і дзякуй Богу, што не спыніўся.
Чым бліжэй мы пад’язджаем да вёскі, тым больш нас ахоплівае беларускі пейзаж – сваёй ціхай жнівеньскай прыгажосцю. На лугах пушыцца асот, красуе бэзавы скрыпень, стаяць «іржавыя» мяцёлкі шчаўя… Ды на даляглядзе – палоска цёмнага лесу на тле светла-блакітнага неба. І рака – як жа без яе? І, як прызнаецца наш герой, – менавіта праз раку ён пятнаццаць гадоў таму і купіў у гэтых мясцінах хутар.
– Нараў – гэта мая рака з дзяцінства, – кажа ён, распавядаючы пра ваколіцы, пакуль мы пераадольваем апошнія кіламетры дарогі на машыне. – Яна таксама цячэ і ў Бельску-Падляшскім, адкуль я родам. І ў Беларусі яна ёсць. А там вось – гэта ўжо Пушча, – паказвае ён на лес.
Аглядаемся навокал.
– А вось там – на выспе – жывуць праваслаўныя манахі, – працягвае сваю экспрэс-экскурсію Януш. – Праваслаўны манастыр яшчэ з ХVI стагоддзя. І гэты скіт зараз дзейны. Бачыце храм?
Апошнія кіламетры дарогі пралятаюць хутка, і мы ўязджаем у Біндзюгу – невялікую вёску з гісторыяй (яна таксама ХVI веку), у якой і ладзяць незвычайны фэст Януш Гаўрылюк і кампанія.
У Біндзюзе зараз – каля пятнаццаці двароў, працуе вугальны завод («Кепска гэта, што і казаць!»), але ў вёсцы, што важна, жывуць беларусы, якія знаходзяцца цалкам у міры са сваёй тоеснасцю.
Калі мы выйшлі з машыны, нас па-беларуску прывітала паненка, ды і кіроўца Адам размаўляў з намі на беларускай мове.
– Калі я купляў гэты ўчастак, то былы гаспадар з прозвішчам Цар мяне доўга правяраў, – гісторыя пакупкі хутара ў Януша была цікавая. – Я прыехаў да яго на аўто з варшаўскімі нумарамі, і ён напачатку засумняваўся. Але калі Цар дазнаўся, што я беларус – то палагаднеў. Мы з ім разыходзіліся па палітычных поглядах, але ён прадаў мне хату, таму што я «свой», з беларусаў.
Участак Януша – маляўнічы, утульны і сапраўды выходзіць на раку, якая літаральна ў пары крокаў. Ды выходзіць на поле з лесам і высокім небам.
– Нараў абмялеў, але купацца можна, як і абяцалі ўсім наведвальнікам фэсту Prekupalle, – рэкламуе навакольныя вабноты гаспадар. – Рэдка такое бывае, каб рака так блізка была. Францыя, лічы, – смяецца.
Варта дадаць, што прастора Янушава хутара ўвачавідкі выглядае не так, як на фотаздымках. Гэта такі доўгі лапік зямлі, які сканчаецца невядома дзе. На ім ёсць невялічкі дом, драўляная забудова-бар, яблыневы сад, розныя прыбудовы, «рымская» і звычайная прыбіральні, ды таксама пачэснае, адмыслова адгароджанае месца, займае новы вінаграднiк. Мы прыязджаем за дзень да фэсту, і на пляцоўцы Янушу дапамагаюць два валанцёры – экс-бубнач «Дзецюкоў» Саша з Вільні, які аднаўляе будучую сцэну, ды Лукаш з Чэнстахова.
– Сёлета мы дабудавалі дах над барам, – не хавае задавальнення Януш, – яшчэ хацеў бы сёння дарабіць паліцы, каб паставіць на іх віно, – дэманструе ён ладную канструкцыю з дрэва.
І распавядае пра сваё новае хобі – вiнаробства.
– Я сам не п’ю, але вось захапіўся гэтай справай, бо гасцей на фэсце трэба ж чымсьці частаваць. З чаго віно? З рысу, але дадаю таксама розныя садавіну, зёлкі, – здзіўляе нас Януш, і вядзе ў хату паказаць свае засекі.
Шкляныя бутэлькі з белым, ружовым віном выглядаюць вельмі каларытна. Напоі аформлены з гумарам: «Біндзюжнік» – красуецца налепка на пэўнай партыі з пазнакай года «2026». Таксама ёсць Red II Sniezhan (2025) і Sambukus Nigra (2026) год.
– Вось сюды дадаваў вішню, – раскрывае сакрэт ружовага Януш. – Сёлета нават пасадзіў на сваім участку вінаград, – паглядзім, што там вырасце.
Гаспадар дэманструе нам прылады свайго хатняга «вінзаводу»: вялізныя бутлі, у якіх даспявае віно, а таксама машынку, якая запячатвае тару.
«Януш, атрымоўваецца, што ты перакваліфікаваўся ў самелье?» – жартуем мы.
– Штосьці такое, – адказвае.
Дамок у гаспадара невялікі, але там усё па справе: пакой Януша, маленькая кухня, штосьці кшалту кутка-вінарні, а на гарышчы – спальня для V.I.P.аў («Хоць падзі разбяры, хто тыя «віпы»?). Аказалася, што у Біндзюзе наш герой жыве не ўвесь час. У Януша ёсць кватэра ў Варшаве. Але на пытанне, дзе ёсць яго дом, субяседнік задумваецца: «Дакладна не Варшава, але і не Бельск, адкуль я родам».
Пры гэтым многія рэчы Януш у Біндзюгу прывёз акурат з Бельску-Падляшскага.
– Мае продкі мелі дзве хаты ў горадзе. Адна – у цэнтры, а другая – крыху далей. Яны пераехалі ў Бельск у час Другой сусветнай вайны, і там у 1946 годзе нарадзілася мая маці. Калі пабудавалі новы дом, то ўсё туды перанеслі, а на месцы старой хаты мой брат паставіў новую. Калі ішлі пярэбары, я забраў шмат старых рэчаў адтуль, і перавёз сюды. А нешта нават адкапаў.
Гаспадар паказвае на шафу ды іншыя прадметы інтэр’еру.
Звяртаем увагу на фотаздымкі на сцяне.
– А гэта мой бацька Сцёпа, – расказвае Януш. – Ён быў настаўнікам у вёсцы на Падляшшы. Гісторыю вучыў, але пра яго людзі казалі: «земляроб». Бо прыязджаў з поля, чытаў дзецям лекцыю па гісторыі, і зноў павяртаўся. Прагу да зямлі вялікую меў. Як і ўсе сваякі. Усё жыццё казаў: зямля, зямля, зямля…
«Амаль па Коласу», – узгадваем беларускага класіка.
– А гэта мой прадзед Якуб, – паказвае на іншага мужчыну на фотаздымку. – Ён прыехаў сюды ў 1920-я, ваяваў і памёр. І я, шчыра кажучы, да гэта пары не ведаю, на якім ён быў баку: ці з бальшавікамі, ці на баку польскага войска, – паціскае плячыма Януш.
Раптам наш герой успамінае, што ў яго захавалася гасцявая кніга візітаў у Біндзюгу. Пачынаем гартаць старонкі: бачым запіс ад Максіма Жбанкова, Андрэя Кудзіненкі, Леаніда Каліцені – беларускіх культурных дзеячаў, і раптам знаходзім рукапіс… ад мамы.
«Шаснаццатага дня [… года] мусіла адведаць Януша ў Біндзюзе. Мела магчымасць пабачыць спадарства зноў. Трэба прызнаць, што я пад вялікім уражаннем, і штораз мне больш пачынае падабацца», – чытае Януш водгук мамы, і мы смяемся.
Ідэя зрабіць фестываль на сваёй зямлі нашаму герою прыйшла амаль адразу пасля набыцця хаты. І варта дадаць, што да яе развіцця спрычыніліся даўнія сябры Януша, якія дапамагалі яму і на іншых праектах. Гаворка пра абаяльных дзівакоў Пятро Дудановіча і пана Кшыштафа (Цыпу).
Культурніцкі менеджар Пятро ўжо колькі год з’яўляецца тварам фестывалю беларускіх фільмаў «Бульбамуві» («Шмат людзей да гэтай пары думае, што «Бульбамуві» робіць Пятро»). Таксама ў паплечніках рупліўца і падляшскі перформер Кшыштаф па мянушцы «Цыпа» – паважаны чалавек і гукарэжысёр на Радыё «Рацыя».
– Гэты быў 2019 год, – «раскрывае карты» Януш. – І Цыпа тады вельмі расстроіўся, што «Басовішча» не будзе. «Давай зробім працяг», – кажа. – А Фэст «Тутака» тады яшчэ не з’явіўся, ён паўстаў у 2021 годзе. І вось мы сустрэліся ўтрох разам з Пятро і прыдумалі «Прэкупалле». Цыпа хацеў, каб гэта быў працяг «Басовішча», а Пятро, каб такі андэграўнд. Атрымалася такая сумесь.
«Прэкупалле» ўключае ў сябе музычны складнік, а таксама і іншыя актыўнасці – «кіно, ежа». Але цікавае ў гэтай ініцыятыве іншае – тое, што арганізатары наўмысна разбурылі іерархічны падзел на «оргаў» і гледачоў. Згодна з кодэксам фэсту, госці з’яўляюцца і непасрэднымі сустваральнікамі праграмы, кожны тут – роўны і дапамагае, клапоціцца адзін пра аднога. На «Прэкупаллі» няма крутой інфраструктуры, але ёсць давер, свабода і прыняцце.
– У нас і хэдлайнераў няма, – падкрэслівае Януш. – Усе музыканты аднолькава каштоўныя.
Тут побач могуць танчыць панкі, журналісты і мясцовыя жыхары. Уласна, гэтую ідэю стваральнікі фэсту «дакруцілі» да Рэспублікі Біндзюгі – прасторы вольных людзей і «найгоршага фестывалю на свеце».
Наконт ідэі пра Рэспубліку Біндзюга самаабвешчаны Прэзідэнт прызнаецца, што на падобную зацею яго натхніў прыклад Рэспублікі Ужупіс – слыннага раёна мастацтваў у Вільні, літоўскага Манмартра, які мае нават сваю Канстытуцыю.
– Мне гэта спадабалася. Да таго ж я падумаў, што гэта файна – нейкую філасофію дадаць да фэсту. Пасля ўжо кожны можна далучыць нешта сваё – і ў гэтым няма нічога дрэннага, – лічыць Януш.
За гэтыя шэсць гадоў у Біндзюзе выступіла нямала беларускіх музыкаў: Krwadziki, Naka, Сяргей Пукст, Фёдар Жывалеўскі, «Кашлаты Вох», Wandraunik, Тадзё Шчупака (Tadzio Szczupak), BUTAFORIA, Berek, RaState ды іншыя – вядомы і малавядомыя – выканаўцы.
Януш прызнаўся, што сёлета ў яго не было часу займацца праграмай. Усё рабіў Пятро, з якім, дарэчы, яны пазнаёміліся яшчэ падчас вучобы на факультэце беларускай філалогіі ў Варшаўскім універсітэце.
Пятро, які пад’ехаў праз пару гадзінаў, падзяліўся, што планаваў на сёлетняй эдыцыі звесці ў адным канцэрце варшаўскі беларускі панк-гурт «Сербскі нож» і падляшскі «Сербскі кот».
– Але не атрымалася, на жаль, – уздыхае ён.
«А чаму вы прыдумалі такую назву Prekupalle? – задаем набалелае пытанне пра загадкавую назву. – Зараз жа жнівень. Купалле ўжо ж было”.
– Так на наступны год будзе, – адказвае самая дзівацкая фэст-каманда ў свеце.
– А тут раней пляц быў, пясок, памятаю, як чувак, як у Амерыцы, седзячы на кані, вёў статак кароў на поле, – Януш ладзіць нам невялікую экскурсію па ваколіцах.
Мы ідзем праз высокую траву на масток праз раку. У паветры моцна пахне зёлкамі. На лузе стракочуць конікі. Сонца хіліцца да лесу. Гледзячы на гэтую прыгажосць, падаецца, што лепшага краю і не бывае.
– Але я ўцякаў з гэтага Падляшша, са свайго Бельску, – прызнаецца Януш, ступаючы на масток. – Бо мне падавалася гэта такой дзюркай, – смяецца ён. – У свае дзевятнаццаць гадоў я думаў, што гэта проста канец свету. Нічога не разумеў.
Януш распавядае, што маці прасіла яго ў малалецтве, каб я не распавядаў нікому, што праваслаўны. Палякі нават і ў Польскай Народнай Рэспубліцы лічылі, што ўсё, што з-за ўсходняй мяжы – дрэнна. («Куды едзеш? «Да рускіх еду». Значыць, у Савецкі Саюз, – так гаварылі»).
Нягледзячы на тое, што ў Бельску-Падляшскім быў Беларускі ліцэй, Януш у яго не трапіў. Маці адгаварыла. Яшчэ прыйдзецца дадатковы прадмет вучыць – беларускую мову. Маўляў, навошта?
– Людзі баяліся, – тлумачыць ён яе паводзіны і іншых. – Пасля Другой сусветнай па Падляшшы хадзілі банды, якія забівалі праваслаўных, беларусаў. Такі быў бандыт Рамуальд Райс пра мянушцы Буры. Ён у 1946-м хадзіў з рэйдамі па вёсках. Акурат у студзені 1946-га завітаў і ў Вульку-Выганоўскую, дзе нарадзіўся мой бацька. Забіў у вёсцы трох чалавек. І так выйшла, што мой бацька жывы застаўся. А магло б быць інакш.
Сваё малалецтва наш субяседнік апісвае так: дыскатэка, кікбоксінг, двіж на раёне. І ніякага дачынення да беларушчыны. У параўнанні з Гайнаўкай, дзе вырасла наша папярэдняя гераіня, Ілона Карпюк, Бельск-Падляшскі, са слоў Януша, быў горадам з зусім іншым вайбам.
– Тачкі, дыскатэкі, піва. Памятаю, такое ёсць графіці ў горадзе: «Бельск – гэта горад бізнесу і сексу». І гэта праўда! – смяецца ён. – Пра Беларускі ліцэй, памятаю, у часы майго юнацтва ў Бельску казалі «Беларусы». Дзе яна вучыцца? У «Беларусах». І яшчэ лічылася, што там найпрыгажэйшыя дзяўчаты.
«Нечаканая перавага, праўда?» – жартуем.
Стоячы на мосце над ракой, чуем за спінай плёскат вады. Не паспяваем убачыць, хто скокнуў – па паверхні толькі разыходзяцца колы. Я выходжу на поле і зрываю лісток шчаўя.
Пасля заканчэння школы Януш-такі ўцёк з роднага горада ў мястэчка пад Варшавай, дзе паступіў у цыркавое вучылішча. Вучыўся хадзіць на хадулях, жангляваць. І пасля нядрэнна меў з гэтых уменняў – здымаўся ў рэкламе, выступаў на вуліцы. А потым у Варшаве сустрэўся са знаёмай дзяўчынай, якая акурат скончыла ў свой час Беларускі ліцэй і збіралася паступаць на беларускую філалогію ў Варшаўскі ўніверсітэт. Каб быць разам, яна прапанавала Янушу далучыцца.
– Ну, я і пайшоў, – прызнаецца руплівец. – Там для паступлення патрабавалася толькі сумоўе. І паступіў, – усміхаецца.
І вось ужо ва ўніверсітэце ў Януша з’яўвіўся той асяродак, які паспрыяў яго знаёмству з беларускім светам: гісторыяй, мовай, літаратурай.
Ды ўсё ж сваім сапраўдным «хросным бацькам» у беларускім пытанні Януш называе Сакрата Яновіча – польскага беларускага пісьменніка, чальца Беларускага літаратурнага аб’яднання «Белавежа». Маці Януша, якая ў той час працавала на пошце, пасля паступленне сына на «філфак» пачала прыносіць яму двухмоўнае польскае-беларускае выданне Czasopis.
– І там у кожны выпуску выходзілі фельетоны Сакрата Яновіча «Быць сабой», – дзеліцца Януш. – Я гэта прачытаў – у мяне адкрыліся вочы. Як тут беларусы жылі, жывуць, як гісторыя выглядала. І ўсё стала вельмі проста. Я – чалавек памежжа: як Анджэй Пачобут у Беларусі, так я – тут.
Падчас вучобы ва ўніверсітэце Януш разам з ужо вядомым Пятром Дудановічам ездзіў у Беларусь. Шукалі сапраўдную беларускую культуру – у Полацк, пазнаёміліся там з рыцарскім клубам «Жалезны воўк». Асяродак у Варшаве, як не парадаксальна, дапамог Янушу прызнаць сваю беларускую існасць.
Пасля «філфаку» будучы Прэзідэнт Рэспублікі Біндзюга працягнуў адукацыю на факультэце журналістыкі – на «лабараторыі рэпартажу», дзе выкладалі мэтры жанру. Пасля заканчэння гэтых студыяў Януш пачаў шукаць працу, якая была звязаная з Беларуссю. Уладкаваўся на стажыроўку на Польскае Радыё, у беларускую рэдакцыю. Папрасіўся ў камандзіроўку ў Мінск, узяць інтэрв’ю ў аўтара нашумелай у той час кінастужкі «Акупацыі. Містэрыі» Андрэя Кудзіненкі.
На той момант Януш быў ужо цалкам у «тэме» кіно.
Свой першы сцэнар творца ўвогуле напісаў яшчэ ў школе – хацелі з хлопцамі здымаць баявік у духу фільмаў з Брусам Лі. («Такое падляшскае кунг-фу пра мсціўца з Хачкаў – вёска ў нас такая ёсць ля Бельска. Але камеры не было»).
І сваю першую камеру, што цікава, наш герой купіў праз пару гадоў на ганарар з рэкламы халадзільнікаў. Ён быў запрошаны як цыркавы артыст і ў роліку мусіў быў хадзіць на хадулях і жангляваць бутэлькамі шампанскага. Тыя здымкі так і не адбыліся, але грошы Янушу заплацілі.
– І я набыў сваю першую VHS-ку, – згадвае ён.
Першай карцінай кінематаграфіста стала сюррэалістычная кароткаметражка «Пачка» – пра хлопца, які кідаў паліць. Карціна ў абсурдысцкім жанры трапіла на фестываль польскага незалежнага кіно «Заўтрашні фільм», дзе яе раскрытыкавалі сябры журы. («Чаму вы не здымаеце тое, што побач, а прыдумваеце нейкі абсурд?»). Януш прыслухаўся да парадаў і пайшоў здымаць «у народ» – да сваіх «хлапцоў на раёне» ў Бельск-Падляшскім. У выніку з’явілася дакументалка «Бойкі» («Пацаны») пра маладых абібокаў, што бавяць свой час ля шматпавярховікаў. Гэта кіно зараз мае ў Польшчы статус культавага – на сёння ў яго больш за 900 тысяч праглядаў на YouTube.
– І ў Беларусі я шукаў нешта такое – несавецкае, не сумнае, бунтарскае, і калі натрапіў на «Акупацыі. Містэрыі», падумаў: «О, вось гэта някепска».
Знаёмства з рэжысёрам гэтай карціны Андрэем Кудзіненкам у выніку вылілася ў нараджэнне фестывалю беларускіх фільмаў Bulbamovie. Праўда, ад ідэі да рэалізацыі задумы прайшло некалькі гадоў.
– Памятаю, як мы тады марылі з Андрэем, што праз дзесяць-пятнаццаць гадоў будзем здымаць нармальнае кіно на «Беларусьфільме», што Максім Жбанкоў будзе міністрам культуры… Цяпер смяяцца хочацца з гэтага, – Януш сядзіць за стойкай бара, мы каштуем яго віно (і яно вельмі прыемнае і смачнае), і ён расказвае пра сваё жыццё.
На сёння ўжо Андрэй Кудзіненка, які трымаўся да апошняга ў Беларусі, укладваючыся ў прыватную школу «Кінакалайдар», быў вымушаны з’ехаць з Беларусі. Абгаворваем і гэта, што столькі беларускіх кінематаграфістаў апынуліся ў вымушанай эміграцыі з-за дыктатуры ў Беларусі.
Але першая эдыцыя «Бульбамуві», якую Гаўрылюк і кампанія правялі ў Варшаве ў 2011 годзе, была феерычнай. Сто бутэлек «Крамбамбулі», лепшыя беларускія фільмы за дзесяць год, і польская публіка, якая з вялікай цікавасцю прыйшла паглядзець кіно суседзяў. Але потым каманда фэсту задумалася: а што паказваць налета? Дзе ўзяць новае беларускае? І так на фэсце з’явіўся конкурс маладога кіно.
– Быў такі час, калі на «Бульбамуві» з Мінска ў Варшаву ездзіў аўтобус з беларускімі кінематаграфістамі, і я маю спадзеў, што гэта паспрыяла развіццю кінакам’юніці, – Януш разважае над феноменам свайго фэсту. – І ў далейшым на дзяржаўным фестывалі «Лістапад» паўстаў Нацыянальны конкурс – не без нашага ўплыву. Але, ведаеш, праз столькі год хацелася б, мо, і большага плёну…
«Бульбамуві» ў выніку ладзіўся дзесяць разоў. Фэст знікаў на пэўны час, каб зноў адрадзіцца ў 2021-м. Януш гіпатэзуе, што калі б не рэвалюцыя 2020 года, магчыма, адбыўся бы рэнесанс беларускага кіно, бо ў той час назіраліся працэсы, калі дзяржава «павярнулася», нарэшце, у бок нацыянальнага і сучаснага кіно: быў створаны фільм «Купала» пра Янку Купалу, разглядаўся запуск ігравой карціны па творы Віктара Марціновіча.
– Але і рэвалюцыя таксама дала свой плён, – ацэньвае ён. – Я наракаў у свой час на фільмы маладых рэжысёраў, якія прыходзілі на конкурс «Бульбамуві». Маўляў, прыгожыя, але пра нішто. Героі ў гэтых стужках нават баяцца «бл..ць» сказаць. Дзякуючы 2020 году сітуацыя значна палепшылася. Нават ужо і зашмат гэтага «бл..ць», у кожнай другой стужцы, – смяецца наш субяседнік.
З 2006 года наш герой таксама супрацоўнічаў з публіцыстычнай праграмай «Беларусь, Беларусь» Агнешкі Рамашэўскай – у той час адначасова ішла падрыхтоўка да стварэння новага беларускамоўнага канал на польскім тэлебачанні TVP – «Белсат». Януш быў уключаны ў каардынацыю тэлежурналісцкіх майстэрняў для беларусаў («Адказваў за падрыхтоўку курсаў і курсантаў»). Потым ездзіў з тэлеаператарамі па Беларусі – навучалі людзей здымаць на месцы, у тых умовах, што ёсць. Трапіўшы ў праграмны аддзел, рабіў перадачы, стаў рэдактарам, а потым пачаў адказваць за дакументальнае кіно на «Белсаце».
– Ларыса Шчыракова, Ірына Слаўнікава, Сяргей Падсасонны, Аліна Коўшык і шмат іншых вядомых журналістаў перад стартам «Белсату» былі на нашых курсах, – згадвае Януш.
Што да «Белсат Док», якая падтрымлівае дакументальнае кіно, то руплівец заўважае, што гэта пляцоўка давала магчымасць рабіць фільмы і незалежным кінарэжысёрам, і творцам з «Беларусьфільма».
– Амаль усе вядомыя беларускія дакументалісты здымалі на «Белсат Док»: Андрэй Куціла, Юрый Хашчавацкі, Леанід Міндлін, Максім Швед, і іншыя аўтары, якія таксама стваралі і на «Беларусьфільме». Лічу, што ў беларускай дакументалістыкі заўсёды быў патэнцыял, а вось умоваў – не так шмат. І я хацеў іх даць.
Дзякуючы высілкам Януша і каманды канала сёння на «Белсат Док» прадстаўлены больш за дзве сотні фільмаў пра Беларусь. Гэта дакументальнае кіно і рэпартажы пра палітыку, культуру і гісторыю беларускага краю без цэнзуры.
Сёння наш герой, узяўшы паўзу ў правядзенні кінафестывалю, засяродзіўся на ўласным кінапраекце.
– Не бачу ў тым, што летась фэст не ладзіўся, нічога страшнага. У яго такая спецыфіка, «партызанская», – знікаць, а потым зноў вяртацца.
Зараз Януш моцна ўключаны ў працу над сваім кіно – дакументальным фільмам пра Падляшша. Карціна распавядае пра двух герояў – Ясюка з Гайнаўкі і Лаўрэна з Бруселя: яны жывуць на гэтай зямлі, і іх гісторыі перакрыжоўваюцца праз аднаго сабаку. Стужка называецца «Апошні сабака».
– У пэўным сэнсе гэта кіно пра мяне, толькі праз двух герояў, – прызнаецца Януш.
Ён бачыць сябе маладога ў шалёным музыкі Ясюку і знаходзіць шмат супольнага цяпер з Лаўрэнам, які пераехаў з Бельгіі на Падляшша – кінуў працу архітэктара, купіў тут хату і піша кнігу. У стужцы з’яўляюцца і беларускія музыкі, там будзе і шмат назіранняў за падляшукамі – Януш з вялікім энтузіязмам распавядае пра свой праект.
– Там будзе такая сцэна, калі героі едуць да дуба «Дуніна», а там імпрэза, і на ёй балюе мясцовая публіка. Вось адразу бачна, што гэта адметны край, што гэта беларусы Падляшша. Там такія твары!
– А ўвогуле Падляшша – гэта такія Балканы, толькі без крыві, – развівае сваю думку руплівец. – Тут жывуць свядомыя беларусы, грамадзяне Польшчы, якія тут нарадзіліся, чые бацькі і дзяды векавалі – гэта адна група.
Другая група – праваслаўныя палякі.
Трэцяя – этнічныя палякі.
Потым – тутэйшыя, проста тутэйшыя, якія не могуць вызначыцца, ці яны бліжэй да ўкраінцаў, ці да беларусаў.
І яшчэ адна група – гэта «рускамірцы», і такія ёсць. Але я ўпэўнены, што калі б Беларусь у эканамічным плане была б такой, каб Германія, і мела б дэмакратычныя свабоды, то кожны другі тут прызнаў бы сябе беларусам, – усміхаецца Януш.
Падымаючы тэму антыўкраінскай хвалі ў Польшчы, наш візаві не верыць у падобныя настроі ў палякаў.
– Чатыры гады жыхары Польшчы дапамагалі ўкраінцам усім, чым можна, – немагчыма, каб раптам усё перакулілася. Я ўпэўнены, што гэты рух справакаваны расейскай прапагандай.
Дакументальны фільм Януша ўжо падтрымалі на Кракаўскім фестывалі, а літаральна на тыдні ён займеў падтрымку Польскага кінаінстытута.
Пакуль мы размаўлялі з гаспадаром, наступіў вечар, прыехалі новыя госці на фестываль «Прэкупалле». Людзі пачалі расстаўляць намёты і распальваць вогнішча.
На небе загарэліся зоркі, паветра празрыстае і ажно звініць. Зоркі – дрыжаць.
Януш завіхаецца па гаспадарцы і частуе людзей віном ды кавай.
– Атрымліваецца, што як мой герой Лаўрэн знайшоў на Падляшшы свой вырай, так і я сюды вярнуўся, – прызнаецца Януш.
– Мяркую, што каб не выехаў, то застаўся бы такім, як мой брат. Ён – стопрацэнтны паляк, а я вось – беларус. I жыву тут.
***
Замест P. S. На шосты фестываль беларускай музыкі «Прэкупалле» прыехала дзвесце чалавек.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram