Фото: Офис Тихановской
Святлана Ціханоўская павіншавала Украіну з Днём незалежнасці. Яна пажадала ўкраінцам перамогі і справядлівага міру.
“Шаноўны Прэзідэнт Зяленскі! Дарагія ўкраінцы! Віншую вас з Днём Незалежнасці!
За сваю незалежнасць вы кожны дзень плаціце вялікую цану. Сваім прыкладам вы паказваеце ўсяму свету, што такое мужнасць. І даяце надзею іншым народам, якія таксама змагаюцца за свабоду.
Тры месяцы таму я была ў Кіеве і бачыла вашу сілу на свае вочы. Краіна ваюе — і жыве. Працуе. Вучыцца. Будуе. Плануе будучыню.
Вы не дазволілі Расіі адабраць у вас краіну.
І для нас, беларусаў, гэта вельмі важна. Многія людзі ў Беларусі сёння звязваюць перамены ў нашай краіне менавіта з перамогай Украіны. Бо мы разумеем: нашыя лёсы звязаныя. І ўкраінцы, і беларусы хочуць самі вырашаць сваю будучыню, а не каб за нас вырашалі ў Маскве.
І я хачу, каб вы ведалі: беларусы — на вашым баку. Беларускія добраахвотнікі ваююць за Украіну са зброяй у руках. Беларускія партызаны спынялі расійскія вайсковыя эшалоны. Валанцёры ратуюць жыцці, збіраюць машыны, дроны і медыцынскую дапамогу. Беларуская дыяспара дапамагае Украіне па ўсім свеце. Журналісты і актывісты выкрываюць расійскую прапаганду і злачынствы рэжыму.
А ў беларускіх турмах дагэтуль сядзяць людзі за салідарнасць з Украінай і супраціў расійскай агрэсіі.
Гэта — сапраўдная Беларусь. Не Лукашэнка, які аддаў нашу зямлю Расіі для нападу на Украіну. Не яго прапаганда і не яго генералы.
А беларусы, якія выбралі свабоду і сталі побач з Украінай. Мы, беларускія дэмакратычныя сілы, будзем рабіць усё, што ад нас залежыць, каб дапамагаць Украіне перамагчы. Не дазволіць уцягнуць беларусаў у гэтую злачынную вайну. Выкрываць саўдзел рэжыму ў агрэсіі і збіраць доказы яго злачынстваў.
Сёлета мы адкрылі місію дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве. Украіна прызначыла асобнага пасла для працы з беларускімі дэмакратычнымі сіламі. Гэта важныя крокі насустрач адно аднаму.
Бо перамога Украіны адкрые шанец і для пераменаў у Беларусі. А вольная Беларусь стане гарантыяй таго, што пагроза з поўначы больш ніколі не прыйдзе на ўкраінскую зямлю.
Дарагія ўкраінцы!
Жадаю вам перамогі. Справядлівага міру. Вяртання ўсіх палонных і выкрадзеных дзяцей. Вяртання вашых людзей дадому.
І каб наступныя Дні Незалежнасці вы святкавалі пад мірным небам”, — гаворыцца ў звароце Ціханоўскай.