Фото: КС
Каардынацыйная рада была прадстаўлена на штогадовай сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ, якая прайшла 4–8 ліпеня ў Гаазе.
Як паведамілі ў КР, раду прадстаўлялі яе старшыня Арцём Брухан і Аляксандра Мамаева.
Адным з галоўных вынікаў удзелу ў сесіі названа стварэнне ў ПА АБСЕ нефармальнай групы «За дэмакратычную Беларусь», у якую ўвайшлі 38 дэлегатаў з 17 краін. Яна адкрытая для новых удзельнікаў. У КР лічаць, што група стане важнай платформай для далейшай працы па беларускай павестцы дня: правядзення брыфінгаў, прасоўвання ініцыятыў беларускай дэлегацыі і павышэння ўвагі да сітуацыі ў Беларусі ў рамках Парламенцкай асамблеі АБСЕ.
Прадстаўнікі КР таксама правялі сустрэчы са старшынёй Парламенцкай асамблеі АБСЕ Пэрэ Жаанам Понсам Самп’етра і генеральным сакратаром асамблеі Раберта Мантэлем. Сустрэчы былі прысвечаны далейшаму ўдзелу дэлегацыі беларускіх дэмсіл у працы асамблеі.
Яшчэ адным важным вынікам стала прыняцце дадатковага пункта па Беларусі — «Становішча ў Беларусі ў кантэксце рэгіянальнай бяспекі, транснацыянальных рэпрэсій і правоў чалавека». Дакумент быў аднагалосна падтрыманы Камітэтам па дэмакратыі, правах чалавека і гуманітарных пытаннях. Беларуская дэлегацыя прымала ўдзел у распрацоўцы гэтага дакумента. Беларусь таксама згадваецца ў рэзалюцыі Камітэта.
«Праца ў Парламенцкай асамблеі АБСЕ — гэта яшчэ адзін важны крок для адстойвання інтарэсаў Беларусі і беларусаў на міжнароднай арэне. Стварэнне групы “За дэмакратычную Беларусь” дае нам магчымасць весці сістэмную працу з парламентарыямі розных краін і дамагацца, каб пытанне Беларусі заставалася ў цэнтры міжнароднай увагі», — адзначыла Мамаева.
Акрамя таго, у рамках сесіі адбылося мерапрыемства «Прыярытэт чалавечага вымярэння ў перамовах аб спыненні агню ва Украіне: людзі перш за ўсё», на якім выступіў Алесь Бяляцкі. Падчас абмеркавання былі ўзняты пытанні вызвалення ўкраінскіх зняволеных і грамадзянскіх закладнікаў, а таксама беларускіх і расійскіх палітычных зняволеных.