Фото: Meg Jenson, unsplash.com
У Беларусі перагледжаны катэгорыі асоб, якія павінны здаваць адбіткі пальцаў, а таксама зменены пералік дзяржаўных органаў, якія праводзяць дактыласкапію і маюць права на атрыманне і выкарыстанне дактыласкапічнай інфармацыі. Закон «Аб змяненні законаў па пытаннях дзяржаўнай дактыласкапічнай рэгістрацыі» падпісаў Аляксандр Лукашэнка.
Згодна з законам, дактыласкапіраванне з’яўляецца абавязковым для замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія праходзяць памежны кантроль пры перасячэнні дзяржаўнай мяжы, а таксама для тых, хто падлягае дэпартацыі, высылцы з Беларусі або перадачы замежнай дзяржаве ў адпаведнасці з міжнародным дагаворам аб рэадмісіі.
Здаваць адбіткі пальцаў таксама павінны асобы, уключаныя ў спіс асоб, чый уезд у Беларусь забаронены або непажаданы, а таксама асобы, у дачыненні да якіх органамі памежнай службы прынята рашэнне аб правядзенні дактыласкапічнай рэгістрацыі ў інтарэсах нацыянальнай бяспекі.
Права на атрыманне і выкарыстанне дактыласкапічнай інфармацыі маюць органы крымінальнага пераследу, суды, органы ўнутраных спраў, памежнай службы, а таксама іншыя органы, якія ажыццяўляюць аператыўна-вышуковую дзейнасць.
«Закон накіраваны на павышэнне эфектыўнасці і якасці дактыласкапіравання, будзе спрыяць своечасоваму выяўленню рызык, выклікаў, пагроз нацыянальнай бяспецы, нейтралізацыі іх унутраных і знешніх крыніц», — паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.