Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнтам Латвіі і абмеркавала санкцыі і падтрымку палітвязняў

Падчас рабочага візіту ў Латвію Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнтам краіны Эдгарсам Рынкевічсам. Лідар дэмсіл падзякавала Латвіі за паслядоўную падтрымку беларусаў і дэмакратычных сіл, салідарнасць у пытанні палітвязняў, унёсак у Міжнародны гуманітарны фонд і прынцыповую пазіцыю ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі.

Бакі абмеркавалі неабходнасць захоўваць і ўзмацняць ціск на рэжым праз санкцыйную палітыку і закрыццё схем абыходу абмежаванняў, гуманітарную падтрымку вызваленых палітвязняў, ролю Беларусі ў вайне Расіі супраць Украіны, міжнародную каардынацыю ў фарматах Паўночна-Балтыйскай васьмёркі і на пляцоўках ААН, а таксама падтрымку беларускай дыяспары, нацыянальнай ідэнтычнасці і беларускай мовы ў Латвіі.

«Для нас вельмі важна адчуваць, што Латвія побач — і ў падтрымцы палітвязняў, і ў агульнай працы дзеля бяспекі ў рэгіёне. Дэмакратычная Беларусь — гэта частка бяспечнай Еўропы», — заявіла Ціханоўская.

Фото: t.me/tsikhanouskaya
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!