Латушка: Лукашэнка будзе абвешчаны ў міжнародны крымінальны вышук

Павел Латушка, намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, назваў вялікай перамогай рашэнне Офіса пракурора МКС аб расследаванні па злачынствах супраць чалавечнасці, учыненых рэжымам Лукашэнкі.

«Гэта непазбежны крок у напрамку дасягнення правасуддзя і справядлівасці для ахвяр рэпрэсій. Гэтае рашэнне азначае, што ў бліжэйшы час Офіс пракурора пачне фарміраваць справы супраць канкрэтных асоб, якія ўчынілі злачынствы дэпартацыі і пераследу як злачынствы супраць чалавечнасці. Няма сумнення, што такая справа будзе і ў дачыненні да дыктатара», — заявіў Латушка.

Латушка падзякаваў ураду Літвы за перададзеныя ў МКС матэрыялы і нагадаў, што каманда НАУ ініцыявала і ўзаемадзейнічала з Міністэрствам юстыцыі Літвы па пытанні перадачы беларускай сітуацыі ў МКС.

«Сёння можна ўпэўнена сказаць, што Лукашэнка будзе абвешчаны ў міжнародны крымінальны вышук. Справядлівасць пераможа», — лічыць Латушка.

Нагадаем, сёння Офіс пракурора МКС прыняў рашэнне пачаць расследаванне аб меркаваных злачынствах супраць чалавечнасці, учыненых у Беларусі. Матэрыялы ў МКС былі перададзены Літвой у 2024 годзе. Літва прасіла расследаваць трансгранічныя злачынствы супраць чалавечнасці з боку рэжыму Лукашэнкі ў дачыненні да насельніцтва Беларусі, учыненыя ў Беларусі, паколькі частка з іх была здзейснена ў Літве — дзяржаве-ўдзельніцы МКС. Гаворка ідзе пра дзеянні рэжыму Лукашэнкі, якія прывялі да дэпартацыі грамадзян.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!