Фото: сеть "Светофор"
Пасля скаргаў у інтэрнэце на крамы расійскай сеткі «Светофор» МАРГ правёў праверку і знайшоў парушэнні ў кожным з правераных дыскаўнтараў.
Самыя распаўсюджаныя парушэнні — адсутнасць цэннікаў, невыкананне пераліку тавараў, абавязковых да продажу, недавядзенне да ведама пакупнікоў інфармацыі пра тавары.
Таксама ўстаноўлены факты продажу тавараў са скончаным тэрмінам прыдатнасці. Так, у Іванаве знятыя з продажу 94,5 кг мясных прадуктаў са скончаным тэрмінам прыдатнасці на суму больш за 760 рублёў.
Без устаноўленых тэрмінаў прыдатнасці і без неабходнай інфармацыі прадаваліся кандытарскія вырабы на суму 290 рублёў і фарш на суму 19 рублёў у Гомелі, а таксама сыры на суму 320 рублёў у Мінску.
МАРГ выдаў рэкамендацыі па выпраўленні парушэнняў. Юрыдычная асоба будзе прыцягнутая да адміністрацыйнай адказнасці.
Аналагічную праверку МАРГ праводзіў і летась. Тады парушэнні таксама былі выяўленыя ва ўсіх правераных крамах.