Фото: t.me/tsikhanouskaya
Святлана Ціханоўская сустрэлася з беларускімі валанцёрамі і добраахвотнікамі, якія ваявалі на баку Украіны. Сустрэча прайшла 27 лютага ў Варшаве. У ёй таксама ўдзельнічаў прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы Аб’яднанага пераходнага кабінета Вадзім Кабанчук.
Ціханоўская падзякавала добраахвотнікам за мужнасць і прынцыповую пазіцыю ў барацьбе супраць расійскай агрэсіі.
«Беларускія добраахвотнікі зрабілі і працягваюць рабіць велізарны ўклад у барацьбу супраць расійскай агрэсіі. Дзякуючы вам свет бачыць: беларусы — не саўдзельнікі гэтай вайны, а народ, які змагаецца за бяспеку ўсяго рэгіёна», – заявіла яна.
Удзельнікі абмеркавалі стратэгічнае супрацоўніцтва з Украінай. Таксама гаворка ішла пра візіт Ціханоўскай ва Украіну, які запланаваны на бліжэйшыя месяцы. Асобна было закранута пытанне легалізацыі беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне.
Акрамя таго, абмяркоўваліся ўмовы для беларускіх ветэранаў. У прыватнасці, неабходнасць перагляду норм, якія фактычна прыраўноўваюць беларускіх добраахвотнікаў да грамадзян краіны-агрэсара, выплаты сем’ям загінулых, павелічэнне тэрмінаў легальнага знаходжання пасля завяршэння кантракта, спрашчэнне легалізацыі ва Украіне і стварэнне механізмаў рэсацыялізацыі пасля службы.