Беларускае войска павінна абараняць Беларусь і беларусаў, а не служыць імперскім амбіцыям. Пра гэта заявіла Святлана Ціханоўская ў звароце з нагоды чарговай гадавіны Бітвы пад Оршай 1514 года, у якой войскі ВКЛ атрымалі перамогу над войскамі Маскоўскай дзяржавы. На думку Ціханоўскай, гэтая перамога таксама ўказвае на шматвяковую гістарычную традыцыю беларускай вайсковай славы.
“Нам шмат гадоў расказвалі, што беларуская гісторыя пачалася ледзь не ў мінулым стагоддзі. Маўляў, да Савецкага Саюза ці Расійскай імперыі ў нас нібыта нічога і не было.
Але гэта няпраўда.
8 верасня 1514 года пад Оршай войска Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага пад камандаваннем Канстанціна Астрожскага разграміла маскоўскае войска. Гэта была сапраўды вялікая перамога, і беларусаў, і літоўцаў, і палякаў, і ўкраінцаў.
Пра яе даведалася ўся Еўропа. І сёння, праз больш чым пяцьсот гадоў, мы зноў вяртаем гэтую старонку нашай гісторыі.
Гэта перамога паказвае, што ў беларусаў ёсць свая дзяржаўная традыцыя. Ёсць свая вайсковая гісторыя. Ёсць свае перамогі і свае героі — і гістарычныя, і сучасныя.
І Канстанцін Астрожскі — адзін з іх.
Цікава, што сёння яго лічаць сваім і беларусы, і ўкраінцы. Ён нарадзіўся на Валыні, а ягонае жыццё было звязанае з землямі сучасных Беларусі, Украіны і Літвы.
І сёння яго постаць мае сімвалічнае значэнне, асабліва ў кантэксце вайны, якую Расія развязала супраць Украіны.
Калі ў 2022 годзе расійскія войскі пайшлі з беларускай тэрыторыі на Кіеў, многія беларусы падтрымалі Украіну.
Адны перадавалі інфармацыю пра рух расійскай тэхнікі. Іншыя спынялі цягнікі. А найбольш смелыя беларускія добраахвотнікі ўзялі зброю і пайшлі абараняць Украіну, разумеючы, што перамога Украіны адкрые шанец і для Беларусі.
Я ведаю, што і ў цяперашняй беларускай арміі многія афіцэры і салдаты сёння стаяць на баку Украіны. Цэняць нашу незалежнасць. Не падтрымліваюць дыктатуру. І не дазволяць уцягнуць цалкам Беларусь у гэту злачынную вайну.
Беларускае войска павінна абараняць Беларусь і беларусаў, а не служыць чужым імперскім амбіцыям.
І беларусы, і ўкраінцы – заслугоўваюць жыць у міры і свабодзе.
Я хачу, каб і беларусы, і ўкраінцы жылі ў міры. Каб нашым дзецям не давялося ваяваць. Каб яны раслі ў сваіх краінах, ведалі сваю гісторыю і самі вырашалі, якой будзе іх будучыня.
І мне здаецца, 8 верасня — добры дзень, каб яшчэ раз пра гэта падумаць. І проста памятаць: у нас ёсць свая гісторыя, якой мы можам ганарыцца. І свая краіна, якую мы павінны берагчы.
Жыве Беларусь!” – заявіла Ціханоўская.
Гадавіну Бітвы пад Оршай сёння беларусы таксама адзначаць на Замкавай плошчы ў Варшаве. Пачатак акцыі ў 18:30.
