Светлана Тихановская. Фото: t.me/tsikhanouskaya
Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў з нагоды чарговай гадавіны прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце. Сёння спаўняецца 36 гадоў з дня, калі Вярхоўны Савет БССР прыняў гэты дакумент. Праз год, 25 жніўня 1991 года, дэкларацыі быў нададзены статус канстытуцыйнага закона.
«27 ліпеня 1990 года Беларусь зрабіла вельмі важны крок да сваёй незалежнасці — прыняцце Дэкларацыі аб суверэнітэце.
Для кагосьці гэта можа гучаць як сухая гістарычная дата з падручніка. Але насамрэч за ёй стаяць людзі, якія хацелі, каб Беларусь нарэшце сама вырашала свой лёс. Каб у нас былі свае законы, свая палітыка, свая будучыня. Каб ніхто звонку не распараджаўся нашай зямлёй.
Гэта быў вынік прабуджэння. Пасля Чарнобыля, пасля адкрыцця праўды пра Курапаты, пасля рухаў за свабоду ў суседніх краінах усё больш беларусы адчувалі: мы маем права быць асобнай краінай. Мае права існаваць Беларусь, і не як дадатак да чужой імперыі, а як дом для свайго народа.
Незалежнасць не з’явілася сама па сабе — за яе змагаліся, яе выбіралі і адстойвалі. Нават тыя, хто пазней пачаў разбураць беларускую дзяржаўнасць, тады галасавалі за суверэнітэт, нейтралітэт і бяз’ядзерны статус.
Сённяшняя дата не пра мінулае. Яна пра сучаснае. Бо Беларусь павінна быць самастойнай, мірнай і вольнай ад чужой зброі ды чужых войнаў», — гаворыцца ў заяве Ціханоўскай.
Нагадаем, у першыя гады незалежнасці 27 ліпеня адзначалі як дзяржаўнае свята.