NYT назвала Шуляк патэнцыйнай спадчынніцай Эпштэйна

Газета The New York Times назвала ўраджэнку Беларусі Карыну Шуляк патэнцыйнай спадчынніцай фінансіста і сексуальнага злачынцы Джэфры Эпштэйна.

Пра сувязь Шуляк і Эпштэйна СМІ пісалі ўжо не раз. Так, яшчэ ў 2023 годзе Daily Mail распавяла, што Шуляк была апошнім чалавекам, з якім абвінавачаны ў гандлі непаўналетнімі для сексу мільярдэр Джэфры Эпштэйн сустракаўся ў турме перад самагубствам. Выданне тады распавяло падрабязнасці пра ўзаемаадносіны паміж імі. У прыватнасці, паводле яго інфармацыі, Эпштэйн аплачваў лячэнне маці Шуляк, дапамог купіць яе бацькам дом у Мінску.

Daily Mail тады ж пісала, што фінансіст змяніў сваё завяшчанне за два дні да сваёй смерці, але незразумела, што ён завяшчаў Карыне.

The New York Times піша, што ў 2019 годзе Шуляк і Эпштэйн выглядалі як пара. Большую частку часу яна жыла ў яго асабняку ў Нью-Ёрку. У тым жа годзе яны ездзілі ў Парыж. Пасля вяртання з гэтай паездкі Эпштэйна затрымалі.

Паводле звестак NYT, незадоўга да смерці Эпштэйн унёс праўкі ў сваё завяшчанне, пакінуўшы Шуляк большую частку свайго стану ў 600 млн долараў, уключаючы брыльянтавы пярсцёнак «у прадчуванні шлюбу».

Як адзначае выданне, рэальны памер спадчыны ацаніць цяжка. Накапленні Эпштэйна ацэньваюцца ў суму ад 120 да 200 млн долараў пасля выплаты буйных сум яго ахвярам. Акрамя таго, апроч Шуляк ёсць іншыя спадчыннікі.

Газета піша, што Карына Шуляк у маі 2025 года скончыла праграму паслядыпломнай ардынатуры ў Калумбійскім універсітэце. У лістападзе яна атрымала ліцэнзію на практыку ў галіне стаматалогіі ў штаце Нью-Ёрк. Прыкладна ў той жа час яна адгукнулася на вакансію стаматолага на няпоўны працоўны дзень у цэнтры Брукліна.

Пра гэта выданню паведаміў адзін з работнікаў клінікі на ўмовах ананімнасці. Вядома, што Карына Шуляк двойчы лячыла нейкую Юнхэ Кім у снежні і лютым. Пазнаўшы яе, Кім звярнулася ў NYT. Паведамляецца, што 16 лютага Карына Шуляк паведаміла на працы пра хваробу і больш не з’яўлялася ў клініцы. Яе адвакат адмовіўся паведаміць, ці знайшла яна іншую працу ў стаматалогіі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!