Максим Рыженков. Фото: МИД
Міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў лічыць, што Еўропа пакутуе без беларускіх турыстаў і займаецца самаізаляцыяй.
«Гэта ўсё вельмі падобна не на нейкую ізаляцыю Беларусі ці Расіі, а на самаізаляцыю Еўрапейскага Саюза. Таму што ад кожнага новага пакета санкцый горш за ўсё Еўрапейскаму Саюзу і яго грамадзянам», – сказаў ён, перадае БелТА.
Рыжанкоў выказаў меркаванне, што ЕС загуляўся з санкцыямі.
«Мы ж усе бачым, наколькі самі жыхары Еўрапейскага Саюза пакутуюць ад таго, што яны аддаленыя ад рынкаў, ад адсутнасці нашых турыстаў у гэтых дзяржавах, ад танных і надзейных рэсурсаў, якія раней пастаўляліся», – сказаў ён.
Паводле яго слоў, ЕС «застаецца самаабмежаваным на нейкай зусім невялікай тэрыторыі, на якой ён сёння знаходзіцца».
«Для ўсіх відавочна, хто ў гэтай сітуацыі з-за гэтых санкцый больш пакутуе», – дадаў ён, адзначыўшы, што Беларусь працягвае супрацоўнічаць з Расіяй, велізарнай Еўразіяй, Афрыкай.
Трэба адзначыць, што тэрыторыя 27 краін ЕС складае 4,23 млн кв. м, а з улікам краін эканамічнай супольнасці і Вялікабрытаніі – яшчэ больш. Пры гэтым у краін Еўрасаюза няма ніякіх абмежаванняў на супрацоўніцтва з Кітаем, Індыяй, краінамі Афрыкі, Лацінскай Амерыкі.