Иван Тертель. Фото: БелТА
Беларусь праводзіць «мерапрыемствы па садзейнічанні вырашэнню розных пытанняў», звязаных з Украінай, заявіў старшыня КДБ Іван Церцель пасля дакладу Аляксандру Лукашэнку 24 снежня.
Церцель заявіў, што Лукашэнка і Трамп вядуць «актыўны дыялог», у ходзе якога абмяркоўваюцца глабальныя і рэгіянальныя тэмы, у тым ліку пытанні па Украіне, паведамляе БелТА.
«Канешне, на першым месцы Украіна. Вы ведаеце, што наш кіраўнік дзяржавы сэрцам успрымае сітуацыю, якая складваецца там, з братняй нам краінай, з братнім народам, які ўцягнулі ў гэтае супрацьстаянне. Таму па даручэнні кіраўніка дзяржавы і ў тым ліку ў нейкіх момантах узгоднена з амерыканскім бокам і з іншымі зацікаўленымі намі праводзяцца мерапрыемствы па садзейнічанні вырашэнню розных пытанняў», — расказаў Церцель.
Кіраўнік КДБ заявіў пра дзве аперацыі на мяжы на мінулым тыдні, у выніку якіх уз’ядналіся ўкраінскія і расійскія сем’і.
«Адбылося ўз’яднанне дзяцей, якія страцілі вельмі блізкіх сваякоў. Нягледзячы на спробы спекуляцый на гэтым пытанні», — заявіў Церцель.
Паводле яго слоў, у гэтым пытанні Беларусь падтрымліваюць прадстаўнікі спецслужбаў іншых дзяржаў, у тым ліку заходніх. Ён падкрэсліў, што з гэтай тэмы нельга рабіць палітычныя капіталы.
«Таму што гэта чыста гуманітарны трэк: старыя, дзеці, жанчыны, людзі ў надзвычай цяжкай сітуацыі. Па даручэнні нашага кіраўніка дзяржавы ўсім ім аказваецца медыцынская дапамога, мы робім усё магчымае, паступаючы па-чалавечы, не зважаючы на пашпарт, нацыянальнасць, колер скуры і іншыя аспекты», — заявіў Церцель.
Ён таксама расказаў, што ЗША зрабілі Беларусі новыя прапановы, якія абмяркоўваюцца рабочай групай.
Нагадаем, 16 снежня ўкраінскі і расійскі бакі паведамілі пра ўз’яднанне ўкраінскіх і расійскіх сем’яў на беларускай мяжы.