Фото: БелТА
24 снежня Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладамі старшыню Камітэта дзяржаўнай бяспекі Івана Церцеля і міністра абароны Віктара Хрэніна.
Церцель далажыў пра працу КДБ па лініі разведкі і контрразведкі і абстаноўку ў Беларусі напярэдадні святаў. Лукашэнка даручыў трымаць усе працэсы, што адбываюцца, пад кантролем, «каб надзейна стварыць бяспеку».
Таксама размова ішла пра адносіны з ЗША, Польшчай і Літвой.
Лукашэнка і Церцель абмеркавалі працяг працы па лініі спецслужбаў у межах беларуска-амерыканскіх кантактаў і новыя прапановы ЗША.
«Гаворка, у прыватнасці, ішла як пра канкрэтныя крокі і садзейнічанне беларускага боку ў вырашэнні пытанняў гуманітарнага характару ў канфлікце Расіі і Украіны, так і пра новыя прапановы ЗША на перамоўным трэку», — паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.
Паводле слоў Церцеля, Лукашэнка і Трамп вядуць актыўны дыялог. Ён падкрэсліў, што перамовы праходзяць у цішыні, бо «ёсць пэўныя прынцыпы, каб не нашкодзіць тым вынікам, якія плануецца дасягнуць».
«Сёння раніцай я далажыў Прэзідэнту пра новыя прапановы амерыканскага боку з улікам пазіцыі Рэспублікі Беларусь, з улікам пазіцыі нашага прэзідэнта, накіраванай на дасягненне мірнага вырашэння ўсіх спрэчак, асабліва па Украіне. Шмат тэм абмяркоўваецца глабальнага, рэгіянальнага маштабу і двухбаковыя адносіны», — цытуе Церцеля БелТА.
Ён адзначыў, што Мінску паступілі новыя прапановы ад Вашынгтона, якія «актыўна абмяркоўваюцца», у тым ліку на ўзроўні рабочай групы, у якую ўваходзяць вышэйшыя службовыя асобы, прэм’ер-міністр, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта, прадстаўнікі сілавых структур і праваахоўных органаў.
«Усё дэталёва вывучаецца. Тыя наступствы, якія могуць быць, тыя крокі, якія мы можам зрабіць. Ёсць жорсткі падыход кіраўніка дзяржавы, які нам вызначаны, — гэта захаванне нацыянальных інтарэсаў. Мы рухаемся толькі ў інтарэсах нашай краіны. Мы любы крок пралічваем на каротка-, сярэдне- і доўгатэрміновую перспектыву», — заявіў кіраўнік КДБ.
Церцель заявіў, што выбудоўванне адносін з ЗША адпавядае інтарэсам Беларусі, і падкрэсліў канструктыўны падыход адміністрацыі Трампа.
«І тут мы бачым новы падыход новай адміністрацыі. Ён канструктыўны. Сапраўды, Прэзідэнт ЗША і яго каманда робяць вельмі-вельмі шмат для міру і ў нашым рэгіёне, каб стабілізаваць сітуацыю», — лічыць Церцель.
На думку Церцеля, у гэтага працэсу ёсць шмат праціўнікаў, асабліва ў Еўропе, якія чакаюць, калі сітуацыя ў ЗША зменіцца. Паводле слоў кіраўніка КДБ, у Беларусі ёсць інфармацыя, якая гэта пацвярджае.
«Нашы амерыканскія калегі пра гэта таксама апавешчаныя і ведаюць пра гэта», — заявіў Церцель.
Церцель чакае станоўчых вынікаў ад беларуска-амерыканскіх перамоў і паабяцаў «добрыя навіны».
«Упэўнены, што станоўчы вынік будзе дасягнуты, і праз нейкі час мы пачуем, запэўніваю вас, добрыя навіны ў гэтым сэнсе», — падсумаваў ён.
Старшыня КДБ далажыў Лукашэнку пра сітуацыю на беларуска-літоўскай мяжы ў сувязі з інцыдэнтамі з метэазондамі. Падкрэсліваецца, што Беларусь «адкрытая да канструктыўнага ўзаемадзеяння і перамоў у пытаннях памежнага супрацоўніцтва і не толькі».
Акрамя гэтага, Церцель далажыў пра кантакты паміж беларускімі і польскімі спецслужбамі «ў напрамку вырашэння найбольш вострых праблем» паміж краінамі. Лукашэнка даў неабходныя даручэнні.