Скриншот видео
Старшыня КДБ Іван Церцель пасля дакладу Аляксандру Лукашэнку заявіў, што ў гэтым годзе ў Беларусі была ліквідаваная замежная разведвальная сетка. Яе ўдзельнікі ўсталёўвалі тэхнічныя сродкі разведкі для праслухоўвання пілотаў.
Паводле яго слоў, разведка КДБ ацэньвае патэнцыйныя пагрозы для беларускіх уладаў.
«Мы бачым, як нарошчваюцца абаронныя бюджэты, як удасканальваецца інфраструктура тэатраў ваенных дзеянняў і патэнцыйных тэатраў ваенных дзеянняў. Мы таксама бачым, што абсалютна няма падстаў для такіх мер. І гэта нас насцярожвае.
Гэта дадатковая задача для знешняй разведкі: выкрываць рэальныя планы ў дачыненні да нашай краіны і тое, што можа паўплываць на нашу краіну. Вядома, знешняя разведка дакладвае кіраўніку дзяржавы і іншыя пытанні, у прыватнасці, імкненні да Рэспублікі Беларусь.
Я хацеў бы канстатаваць на падставе дакументальных матэрыялаў, якія дакладваюцца кіраўніку дзяржавы і на падставе якіх прымаюцца рашэнні, што доўгатэрміновыя планы нашых праціўнікаў не змяніліся. Асноўнае — гэта, вядома, геапалітычны перадзел у рэгіёне і спадарожныя мэты — гэта змена канстытуцыйнага ладу ў Рэспубліцы Беларусь, спроба нумар два», — сказаў ён.
Паводле яго слоў, актыўныя і замежныя разведкі. Церцель расказаў, што спадарожнікі штодня здымаюць тэрыторыю Беларусі.
«Дарэчы, у гэтым годзе контрразведка Беларусі выявіла і ліквідавала разгалінаваную сетку замежных спецслужбаў, якія пры садзейнічанні пэўных асоб на нашай тэрыторыі займаліся ўстаноўкай тэхнічных сродкаў, што дазвалялі праслухоўваць перамовы нашых пілотаў, якія як грамадзянскія, так і ваенныя выконвалі свае задачы, маніторылі сітуацыю вакол рэжымных аб’ектаў. Гэта такая вялікая маштабная праца контрразведкі, якая дазволіла ліквідаваць гэтую пагрозу», — дадаў ён.
Церцель таксама адзначыў, што замежныя спецслужбы манітораць Беларусь у сувязі з размяшчэннем расійскай ядзернай зброі і «Арэшніка».