Церцель падзяліў палітвязняў на «вяршкі» і «адходны тавар»

Старшыня КДБ Іван Церцель, разважаючы пра адносіны з Польшчай і перамовы з ЗША, падзяліў беларускіх палітвязняў на «вяршкі» і «адходны тавар».

Пасля дакладу Аляксандру Лукашэнку 24 снежня Церцель пагражаў раскрыць нейкія падрабязнасці з бухгалтэрыі МЗС Літвы і назваў палітвязняў інструментам ЗША.

«МЗС Літвы траціць на ваяжы больш, чым, аказваецца, выдаткі самога МЗС Літвы на падобныя мерапрыемствы. І там, калі зірнуць на бухгалтэрыю МЗС Літвы (яна ў нас ёсць, вядома), літоўскаму народу ёсць што паказаць. З цягам часу мы пакажам. І нашы літоўскія партнёры разумеюць гэтую сітуацыю», — цытуе Церцеля БелТА.

«З польскім бокам такая ж гісторыя. Я не буду нейкія моманты раскрываць, але, калі мы абмяркоўваем гэтыя пытанні, яны ўсе прызнаюць, што калі б не было велізарнага фінансавання з боку зацікаўленых вось гэтых сіл… Фактычна, іх інструмента», — сказаў кіраўнік КДБ.

Паводле слоў Церцеля, гэтыя пытанні ўздымаюцца на перамовах з ЗША, калі амерыканскі бок просіць вызваліць пэўных людзей.

«Мы наўпрост ім сказалі: “Мы разумеем вас, гэта — ваш інструмент, які не быў рэалізаваны ў Рэспубліцы Беларусь. Вы паабяцалі ім, вы ўклаліся, там шмат вашай агентуры, вы хацелі б іх выцягнуць”. Дзесьці зразумела, мы таксама сваіх людзей не кідаем. Не ўсіх, праўда, яны выцягваюць, а самыя вяршкі. А тыя, каго ўцягнулі іншыя, яны, па вялікім рахунку, не патрэбныя. Гэта “адходны тавар, адкіды”», — заявіў Церцель.

Церцель таксама расказаў пра новыя прапановы ЗША для Беларусі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!