Дрон выбухнуў на поўдні Малдовы. Кішынёў адклікае пасла ў Маскве

Міністэрства замежных спраў Малдовы абвясціла аб адкліканні пасла ў Расіі. Нагода — падзенне і выбух рэактыўнага беспілотніка на тэрыторыі краіны.

“Гэты інцыдэнт уяўляе сабой сур’ёзнае парушэнне суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Малдова і пагражае бяспецы нашых грамадзян.

Рэспубліка Малдова асуджае агрэсіўную вайну Расійскай Федэрацыі супраць Украіны і яе наступствы для бяспекі нашай краіны і ўсяго рэгіёна.

У гэтым кантэксце Міністэрства замежных спраў адклікае пасла Рэспублікі Малдова ў Маскве для кансультацый”, – гаворыцца ў заяве малдоўскага міністэрства.

Беспілотнік упаў і выбухнуў у нядзелю ў раёне населенага пункта Крокмаз Штэфан-Водскага раёна. Сёння раніцай паліцыя Малдовы афіцыйна пацвердзіла факт інцыдэнту.

Дрон урэзаўся ў дрэва і выбухнуў на вышыні 2,5 м, таму абломкі апарата разляцеліся на вялікую плошчу, пашкодзіўшы размешчаныя побач дамы. Выбух адбыўся ў лесапаласе за межамі населенага пункта. У выніку выбуху і пажару, які адбыўся пасля яго, ніхто не пацярпеў.

«Выяўленыя абломкі падобныя па характарыстыках да кампанентаў кіраванай ракеты, што ўказвае на тое, што гэта можа быць беспілотнік-ракета, паведамілі ў паліцыі. На сённяшні дзень на тэрыторыі Малдовы не было выпадкаў ідэнтыфікацыі лятальнага апарата такога тыпу», – заявілі ў паліцыі.

Фота: паліцыя Малдовы
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!