Александр Терехов. Фото: "Минскстрой"
Аляксандр Церахаў прызначаны намеснікам прэм’ер-міністра Беларусі. Ён будзе адказваць за пытанні будаўніцтва, ЖКГ і транспарту, паведамляе прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі.
Церахаў у 2014-2020 гадах займаў пасаду міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Да цяперашняга часу быў гендырэктарам «Мінскбуду».
Лукашэнка заявіў, што выбіраў віцэ-прэм’ера з некалькіх кандыдатаў.
«Я пагадзіўся на тваю кандыдатуру толькі таму, што ты практычна многае паспрабаваў і ўвогуле нядрэннае прадпрыемства», — адзначыў ён.
На новай пасадзе Церахаў у асноўным будзе займацца пытаннямі капітальнага рамонту, сказаў Лукашэнка.
«Што датычыцца будаўніцтва, я думаю, праблем у цябе тут няма. Ты ўжо засвоіў гэта як след. Жыллёва-камунальную гаспадарку таксама ведаеш. А там усё сканцэнтравана, пачынаючы ад скаргаў нашых людзей і заканчваючы тым жа будаўніцтвам. Можа, не ў такіх аб’ёмах з нуля – больш капітальным рамонтам давядзецца займацца і іншым. Лічыць грошы, упэўнены, што таксама навучыўся, паколькі нельга працаваць кіраўніком і не ўмець лічыць грошы», — сказаў ён.
Лукашэнка даручыў Церахаву ўзмацніць кантроль за павелічэннем аб’ёмаў будаўніцтва жылля, паляпшэннем яго якасці, стварэннем і развіццём інфраструктуры.
«У сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі гэта, безумоўна, пытанні капітальнага рамонту, стварэння спрыяльнага асяроддзя ў дварах, парках, скверах. Гэта тое, што патрэбна людзям і чым жыве краіна», — заявіў Церахаў.
Новы віцэ-прэм’ер таксама заявіў пра планы развіваць аграгарадкі і гарады-спадарожнікі ў частцы будаўніцтва жылля і развіцця транспартных сувязяў.
На пытанне пра новыя падыходы ў працы Церахаў адзначыў, што ўдакладненні магчымыя.
«Нейкія ўдакладненні могуць і павінны быць. Але гэта ўсё павінна быць накіравана толькі на паляпшэнне», — сказаў ён.
Лукашэнка таксама змяніў міністраў інфармацыі і культуры, прызначыў новых гендырэктараў БелТА і завода “Атлант”, а таксама пасла Беларусі ў Манголіі.