Саулюс Сквернялис. Фото: Facebook
Сейм Літвы прыняў рашэнне пазбавіць недатыкальнасці Саўлюса Скверняліса, былога прэм’ер-міністра краіны.
З запытам аб пазбаўленні недатыкальнасці выступіла Генпракуратура Літвы. Скверняліс падазраецца па справе аб карупцыі ў Службе раслінаводства. Паводле версіі следства, ён прыняў у некалькі этапаў хабар у суме не менш за 51 тыс. еўра за заступніцтва.
Скверняліс сам папрасіў дэпутатаў прагаласаваць за зняцце з яго недатыкальнасці, паколькі ён стане ўдзельнікам крымінальнага працэсу і зможа скарыстацца ўсімі правамі.
Саўлюс Скверняліс таксама сышоў з пасады лідара Саюза дэмакратаў «У імя Літвы».