Фото: cbzc.policja.gov.pl
Цэнтральнае бюро па барацьбе з кіберзлачыннасцю Польшчы затрымала сем чалавек, якія падазраюцца ў інтэрнэт-махлярстве. Сярод затрыманых — адзін грамадзянін Беларусі.
Паводле дадзеных следства, затрыманыя выдавалі сябе за супрацоўнікаў банкаў і паліцэйскіх, выманьваючы ў пацярпелых грошы. Агульная шкода ад іх дзеянняў ацэньваецца ў больш чым 230 тысяч злотых (64 тысячы долараў). На дадзены момант вядома пра пяць пацярпелых.
Удзельнікі групы выконвалі розныя ролі ў схеме. Адны адкрывалі рахункі, другія здымалі грошы ў банкаматах, трэція — кіравалі банкаўскімі праграмамі на тэлефонах. Каб пераканаць пацярпелых перавесці грошы, падазраваныя выкарыстоўвалі нумары тэлефонаў, зарэгістраваныя на падстаўных асоб, падробленыя дакументы і фальшывыя паліцэйскія пасведчанні, а таксама тэлефанавалі праз відэазванкі, каб выклікаць у ахвяр давер.
Затрыманыя пераконвалі пацярпелых перавесці грошы на ўказаны рахунак нібыта для «абароны зберажэнняў». Гэтыя грошы адразу ж здымаліся ў банкаматах. Для супрацоўніцтва прыцягваліся «дропы», якіх знаходзілі па аб’явах у інтэрнэце. Гэтыя людзі прадастаўлялі свае рахункі, часта не ўсведамляючы наступстваў.
Падазраваных затрымалі ў Катавіцах і ў Варшаве. Шэсць з іх — грамадзяне Украіны, адзін — беларус. Яны адказвалі за атрыманне банкаўскіх рахункаў, зняцце грошай і тэхнічнае суправаджэнне ўсёй схемы.