БРЦ: Ініцыятывы па санкцыях супраць Лукашэнкі былі і раней, але Андрэй Ярмак быў супраць

Былы кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак з 2022 года выступаў катэгарычна супраць увядзення санкцый супраць Аляксандра Лукашэнкі. Іх прыняцце стала магчымым толькі пасля яго сыходу, піша Беларускі расследавальніцкі цэнтр са спасылкай на ўкраінскага высокапастаўленага чыноўніка.

Паводле інфармацыі БРЦ, ён распавёў пра гэта на ўмовах ананімнасці за дзень да падпісання прэзідэнтам Украіны ўказа «Аб прымяненні персанальных спецыяльных эканамічных і іншых абмежавальных мер (санкцый)». Паводле слоў крыніцы, ініцыятывы па ўвядзенні санкцый супраць Лукашэнкі абмяркоўваліся яшчэ ў пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі, але тагачасны кіраўнік ОП Андрэй Ярмак катэгарычна супраць гэтага выступаў.

«У 2022 годзе, памятаю, мы гэта абмяркоўвалі, ну тады гэта было… як нейкая палітычная гульня: каб яго [Лукашэнку] не адштурхнуць канчаткова ў Расію, што ён там больш не дазваляе праз сябе [праз Беларусь] праводзіць войскі. Андрэй Барысавіч [Ермак] заўсёды быў супраць санкцый адносна Беларусі. Зараз, я думаю, што такой адкрытай пазіцыі супраць ужо ні ў каго няма», — распавёў ён.

Згодна з законам Украіны «Аб санкцыях», Савет нацыянальнай бяспекі і абароны разглядае пытанні прымянення, адмены і ўнясення змяненняў у санкцыі на падставе прапаноў Вярхоўнай рады, прэзідэнта, Кабінета міністраў, Нацбанка або СБУ. Журналіст БРЦ накіраваў запыты ў ОП, СБУ і Нацбанк, каб высветліць, чаму не ініцыяваліся санкцыі супраць Лукашэнкі. ОП не адказаў, Нацбанк пацвердзіў падпісанне ўказа ў дзень яго ўвядзення, а СБУ спаслаўся на тое, што разгалошванне інфармацыі можа несці пагрозу нацыянальнай бяспецы.

17 лютага той жа ўкраінскі чыноўнік на правах ананімнасці распавёў, што запыт журналіста БРЦ у Офіс прэзідэнта адносна адсутнасці санкцый супраць Аляксандра Лукашэнкі «рэальна прыцягнуў увагу», гаворыцца ў матэрыяле.

Былы пасол Украіны ў Беларусі, экс-пасол па асаблівых даручэннях па Беларусі МЗС Украіны Ігар Кізім лічыць, што рашэнне аб санкцыях звязана не з сыходам Ермака, а са зменай палітыкі ОП і новымі прыкметамі ўдзелу Лукашэнкі ў агрэсіі супраць Украіны, уключаючы кантроль над праходам расійскіх дронаў праз Беларусь.

«Я не думаю, што там Ярмак прама такі ўжо цэнтральны быў у гэтым плане, — адзначыў Кізім у каментары БРЦ. — З’яўляюцца новыя прыкметы яго [Аляксандра Лукашэнкі] удзелу ў агрэсіі, у тым ліку тое, што з яго тэрыторыі кантралюецца праход дронаў расійскіх, гэта значыць яны працягваюць садзейнічаць расійскай агрэсіі. І, напэўна, на кожны такі крок негатыўнага стаўлення да Украіны павінен быць адказ Украіны».

Андрэй Ярмак — былы кінопрадзюсар, узначальваў Офіс прэзідэнта з лютага 2020 года. Да гэтага ён быў памочнікам прэзідэнта і займаў пасаду ў перыяд адзінай сустрэчы Зяленскага і Лукашэнкі ў кастрычніку 2019 года ў Жытоміры. Ярмак пакінуў пасаду ў лістападзе 2025 года на фоне палітычнага скандалу, звязанага з карупцыяй у энергетыцы, і пасля публікацыі аўдыёзапісаў з узгадваннем чалавека па мянушцы Алі-Баба, якога народны дэпутат Яраслаў Жалязняк нібыта ідэнтыфікаваў як Ермака.

Пасля адстаўкі Ермака, 25 студзеня 2026 года, Уладзімір Зяленскі сустрэўся з лідарам беларускіх дэмсіл Святланай Ціханоўскай, супраць чаго раней таксама выступаў Ярмак. Журналісты БРЦ звярнуліся да экс-кіраўніка ОП за каментарыем, але на момант публікацыі адказу не атрымалі.

Нагадаем, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 18 лютага ўвёў санкцыі ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі. Санкцыі ўведзены ў тым ліку за разгортванне ў Беларусі сістэмы рэтранслятараў для кіравання ўдарнымі дронамі і прадугледжваюць пазбаўленне Лукашэнкі дзяржаўных узнагарод Украіны, блакіроўку актываў, абмежаванне гандлёвых аперацый, абмежаванне транзіту, забарону на ўдзел у прыватызацыі і інш.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!