Фото: Reform.news
Польскае ўпраўленне па справах замежнікаў апублікавала міграцыйную статыстыку за першы квартал гэтага года.
Як вынікае з яго дадзеных, у студзені–сакавіку грамадзяне Беларусі падалі 405 хадайніцтваў аб міжнароднай абароне ў дачыненні да 507 чалавек (у іншых справаздачах упраўлення фігуруе 506 чалавек). Усяго ж упраўленне атрымала 1306 хадайніцтваў у дачыненні да 1646 чалавек.
За першы квартал Упраўленне па справах замежнікаў прыняло рашэнне аб прадастаўленні статусу бежанца 30 грамадзянам Беларусі, 342 чалавекі атрымалі дадатковую абарону. Упраўленне таксама выдала 9 адмоваў у прадастаўленні міжнароднай абароны, а разгляд спраў у дачыненні да 61 чалавека быў спынены.
Усяго ж за квартал упраўленне прадаставіла статус бежанца 56 замежнікам, дадатковую абарону — 425 замежнікам, у дачыненні да 1333 чалавек было вынесена рашэнне аб адмове ў прадастаўленні міжнароднай абароны, а ў 632 выпадках справы спынены. Пры гэтым найбольшую колькасць адмоваў (1069) атрымалі грамадзяне Украіны.
Паводле дадзеных Упраўлення па справах замежнікаў, на 1 красавіка працягваецца разгляд 8,2 тыс. спраў аб прадастаўленні міжнароднай абароны. Па стане на 1 красавіка ўпраўленне працягвае разгляд 2868 спраў грамадзян Беларусі ў першай інстанцыі і 92 спраў — у другой.
Ва ўпраўленні адзначаюць, што нагрузка стабілізуецца пасля рэкорду 2024 года, калі было пададзена больш за 17 тыс. заяў. У першым квартале колькасць прынятых рашэнняў перавысіла колькасць атрыманых заяў аб прадастаўленні міжнароднай абароны.
Сярэдні час разгляду справы аб прадастаўленні міжнароднай абароны складае 277 дзён, або каля 9 месяцаў.