Фото: Utenos apskrities vyriausiasis policijos komisariatas
Беспілотнік, які ўпаў ва Уценскім раёне Літвы 17 мая, быў абсталяваны выбуховымі рэчывамі, паведамляе мясцовая паліцыя.
Спецыялісты антытэрарыстычнага падраздзялення Aras устанавілі наяўнасць выбухоўкі на месцы крушэння дрона. З-за пагрозы для грамадскай бяспекі прынята рашэнне знішчыць небяспечныя матэрыялы непасрэдна на месцы без транспарціроўкі.
Як заявіў журналістам намеснік начальніка Галоўнага камісарыята паліцыі Уценскай акругі Міндаўгас Пускунігіс, беспілотнік не падобны да «Шахеда». Слядоў выбуху на месцы падзення няма. Частка абломкаў знаходзіцца на паверхні, частка — затрымалася ў зямлі, піша LRT.
«Ёсць шмат дробных абломкаў, дрон цалкам разбураны», — заявіў Пускунігіс.
На месцы здарэння працуюць сапёры і супрацоўнікі праваахоўных органаў. Уладальнікаў бліжэйшых дамоў папрасілі часова пакінуць жыллё.
Нагадаем, раніцай 17 мая памежны нарад на мяжы з Беларуссю заўважыў дрон, які ляцеў углыб Літвы. Увечары таго ж дня абломкі беспілотніка выявіў ва Уценскім раёне мясцовы жыхар. Паводле папярэдняй інфармацыі, дрон, які ўпаў, імаверна, украінскі.