Беспілотнік упаў у Літве

У Літве ў нядзелю ўвечары ва Уцянскім раёне каля населенага пункта Самане былі знойдзеныя абломкі беспілотніка. Прыкмет выбуху не выяўлена.

«Мяркуючы па папярэдніх даных, па тым, што мы бачым на абломках, па тым, што даслалі нашы калегі, (…) гэта, хутчэй за ўсё, украінскі беспілотнік», — заявіў кіраўнік Нацыянальнага цэнтра кіравання крызісамі Вілмантас Віткаўскас, перадае BNS.

Пакуль немагчыма дакладна сказаць, калі менавіта ён перасёк паветраную прастору Літвы. Як адзначае агенцтва, латвійскія вайскоўцы рана раніцай у нядзелю зафіксавалі залёт беспілотніка, які затым пакінуў паветраную прастору Латвіі. Літоўскія вайскоўцы не фіксавалі залёту БПЛА.

Дапоўнена 8:50

Прадстаўнік Службы аховы дзяржмяжы Гедрус Мішуціс паведаміў Delfi, што беспілотнік быў заўважаны памежным нарадам, які патруляваў мяжу з Беларуссю, раніцай у нядзелю.

«Памежнік, які знаходзіўся прыкладна за 3 км ад мяжы, пачуў гук, падобны да гуку беспілотнага лятальнага апарата. З дапамогай цеплавізара ён заўважыў аб’ект, які ляцеў ад мяжы ўглыб Літвы», — сказаў ён.

Паводле слоў Мішуціса, памежнікі не могуць вызначыць прыналежнасць або характарыстыкі дрона, але пра яго былі праінфармаваныя вайскоўцы.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!