Reform.news

Беларуса ў ЗША прызналі вінаватым у парушэнні санкцый пры пастаўцы спектрометра ў Расію

Рэдакцыя Reform.news · 24 верасня 2026, 14:09

https://reform.news/be/belarusa-zsha-pryznali-vinavatym-u-parushjenni-sankcyj-pry-pasta-cy-spektrometra-rasiju/

Федэральны суд прысяжных у Бостане прызнаў 37-гадовага Кірыла Гардзея, які мае грамадзянства Беларусі і ЗША, вінаватым у незаконным вывазе мас-спектрометра Orbitrap Exploris GC 240 з ЗША ў Расію без ліцэнзіі. Пра гэта паведамілі ў пракуратуры Масачусетса.

Прысуд яму будзе абвешчаны 12 студзеня 2027 года. Гардзея прызналі вінаватым па трох пунктах абвінавачання: змова з мэтай учынення злачынстваў супраць Злучаных Штатаў, кантрабанда тавараў, экспарт тавараў, якія з’яўляюцца прадметам гандлёвага кантролю. Максімальная санкцыя прадугледжана за парушэнне экспартнага кантролю, яна можа складаць да 20 гадоў пазбаўлення волі, па абвінавачанні ў кантрабандзе максімальны тэрмін складае 10 гадоў пазбаўлення волі, а па змове — да 5 гадоў. Прадугледжаны таксама буйныя штрафы.

Гардзей быў затрыманы ў канцы чэрвеня 2024 года. Ён кіраваў транспартна-экспедытарскай кампаніяй Apelsin Logistics, размешчанай у Халандэйл-Біч (Фларыда, ЗША). У кампаніі былі адрас у Расіі і два сайты з хостынгам у Расіі.

Згодна з абвінавачаннем, прыкладна 11 жніўня 2023 года Гардзей указаў, што адпраўляе мас-спектрометр Orbitrap Exploris GC 240 ва Узбекістан, хоць насамрэч прыбор прызначаўся для Расіі. Такое абсталяванне каштуе больш за 600 тысяч долараў, і пасля ўварвання Расіі ва Украіну было ўнесена ў спіс кантраляваных тавараў. Для такіх тавараў у РФ патрабуецца спецыяльная ліцэнзія, якой у Гардзея не было. Абвінавачаны таксама арганізаваў дастаўку мас-спектрометра ў Маскву праз Турцыю, куды абсталяванне першапачаткова вывезлі з ЗША.

Рэклама

Пакінуць адказ