Беларус з пашпартам Новай Беларусі распавёў сваю версію падзей

Беларус з пашпартам Новай Беларусі распавёў, што адбылося, калі ён прыйшоў падаваць заяву на абмен ВНЖ у Польшчы. Паводле яго слоў, супрацоўнікі Упраўлення па справах замежнікаў паставіліся да пашпарта з цікавасцю, а праблемы ўзніклі з-за даты выдачы пашпарта ў дакументах. Дзмітрый распавёў сваю гісторыю «Нашай Нiве».

Дзмітрый атрымаў дадатковую абарону ў Польшчы два гады таму і ў 2025 годзе падаў дакументы для падаўжэння віду на жыхарства. Пашпарт Новай Беларусі ён атрымаў у Вільнюсе ў верасні 2025 года.

«Калі падаеш дакументы, павінен даць свой пашпарт. А я якраз атрымаў гэты новы — пашпарт Новай Беларусі. Я вырашыў проста запісаць яго — як факт, што я ім карыстаюся», — распавёў Дзмітрый.

Паводле яго слоў, ва Упраўленні па справах замежнікаў успрынялі пашпарт спакойна. Супрацоўнік нават папрасіў дазвол зрабіць фота, каб паказаць свайму сыну, які цікавіцца беларускай тэмай.

Дзмітрый не прыклаў ксеракопію пашпарта да дакументаў і лічыць, што з-за гэтага і ўзніклі праблемы.

«Праз некалькі дзён, відаць, яшчэ адзін супрацоўнік разглядаў мой пакет дакументаў. Убачыў там у пераліку нумар пашпарта, дату выдачы ў верасні 2025 года і заканамерна вырашыў, што я з’ездзіў у Беларусь і атрымаў новы сіні пашпарт. А атрымаўшы дадатковую абарону, я не маю права ездзіць у Беларусь і нават знаходзіцца на тэрыторыі беларускага пасольства або консульскіх устаноў. Атрыманне новага афіцыйнага беларускага пашпарта — падстава для пазбаўлення статусу асобы, якая карыстаецца дадатковай абаронай. Натуральна, у яго ўзніклі працэдурныя пытанні, і ён быў абавязаны ініцыяваць перагляд майго статусу. Думаю, калі б перад яго вачыма ляжала ксеракопія майго пашпарта з «Пагоняй» на вокладцы — пытанняў было б значна менш», — лічыць Дзмітрый.

Міграцыйная служба пачала праверку. У снежні 2025 года Дзмітрый даў пісьмовыя тлумачэнні і прадаставіў ксеракопіі, а праз два тыдні атрымаў новую карту побыту.

Дзмітрый не лічыць, што выкарыстанне пашпарта Новай Беларусі падпадае пад дзеянне артыкула КК Польшчы аб выкарыстанні падробленых дакументаў у якасці сапраўдных. Ён адзначае, што пашпарт Новай Беларусі не імітуе афіцыйны пашпарт. Ён таксама падкрэслівае, што не хлусіў пра прыроду пашпарта, а сказаў супрацоўніку, што дакумент выдадзены АПК і пакуль нікім не прызнаецца.

«Трэба правяраць на трываласць межы існуючых магчымасцяў і ствараць новыя. Свабода нараджаецца і захоўваецца ў зазорах. І наша задача — гэтыя зазоры пашыраць, устаўляючы туды нашы ўласныя грамадскія інстытуты», — лічыць Дзмітрый.

Нагадаем, пра кейс Дзмітрыя распавяла ўчора ініцыятыва Partyzanka. Праваабаронцы заявілі, што пашпарт Новай Беларусі з’яўляецца сімвалічным дакументам і яго нельга выкарыстоўваць як сапраўдны дакумент. Partyzanka папярэджвае, што за выкарыстанне сімвалічнага дакумента могуць узбудзіць крымінальную справу, якая, у сваю чаргу, можа прывесці да запуску працэдуры па пазбаўленні абароны.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!