Беларуса ў Польшчы могуць пазбавіць міжнароднай абароны з-за пашпарта Новай Беларусі

У Польшчы ў дачыненні да грамадзяніна Беларусі ўзбудзілі справу аб пазбаўленні міжнароднай абароны з-за пашпарта Новай Беларусі, які беларус выкарыстаў пры замене ВНЖ (karta pobytu), паведамляе ініцыятыва Partyzanka.

У беларуса скончыўся тэрмін дзеяння нацыянальнага пашпарта, таму пры абнаўленні ВНЖ ён указаў пашпарт Новай Беларусі. Польскі дзяржорган палічыў гэта ўзаемадзеяннем з беларускімі дзяржаўнымі органамі.

«Справа аб пазбаўленні міжнароднай абароны была ўзбуджана ў сувязі з тым, што ў чалавека скончыўся тэрмін дзеяння нацыянальнага пашпарта, а аформіць новы ён аб’ектыўна не мог. Пры падачы внёска [заявы — прым. Reform.news] ён указаў пашпарт Новай Беларусі. Гэта было ўспрынята ўжондам як узаемадзеянне з бел. дзяржаўнымі органамі.

У выніку была ініцыявана працэдура пазбаўлення міжнароднай абароны, пачата праверка паездак і паўторны аналіз яго справы. На дадзены момант чалавек прадаставіў ужонду пісьмовыя тлумачэнні па сітуацыі. Верагодней за ўсё, працэдура пазбаўлення міжнароднай абароны будзе спынена», — растлумачылі ў Partyzanka.

Згодна з польскім заканадаўствам, выкарыстанне сімвалічнага дакумента (пашпарта, студэнцкага пасведчання, вадзіцельскага пасведчання і г.д.) як сапраўднага афіцыйнага дакумента можа пацягнуць крымінальную адказнасць паводле артыкула 270 §1 Крымінальнага кодэкса РП.

Сімвалічны дакумент нельга выкарыстоўваць пры:

  • прад’яўленні ў якасці пасведчання асобы (напрыклад, у натарыуса, у банку, у працадаўцы);
  • працэдурах легалізацыі знаходжання, у дзяржаўных органах, пры атрыманні віз;
    перасячэнні мяжы, у тым ліку пры авіяпералётах;
  • афармленні крэдыту, пазыкі або растэрміноўкі;
  • заключэнні дамоваў, калі іншы бок успрымае дакумент як сапраўдны (напрыклад, арэнда жылля).

У выпадку атрымання крэдыту або пазыкі могуць узнікнуць дадатковыя крымінальна-прававыя рызыкі, у тым ліку паводле артыкула 297 §1 Крымінальнага кодэкса.

Сімвалічным дакументам можна карыстацца, калі ён захоўваецца дома як сувенір або сімвал, калі паказваць яго сябрам або выкарыстоўваць выключна ў сімвалічным або інфармацыйным кантэксце, калі рабіць з ім фота або публікаваць яго як сувенірны аб’ект без прававых наступстваў.

Partyzanka падкрэслівае, што грамадзяне Беларусі пры адсутнасці нацыянальнага пашпарта могуць атрымаць польскі праязны дакумент, а пры замене карты знаходжання па міжнароднай абароне пашпарт або праязны дакумент не патрабуецца наогул.

«Чаму не рэкамендуецца выкарыстоўваць сімвалічныя дакументы (напрыклад, пашпарт Новай Беларусі) у легалізацыйных мэтах:
Пытанне не зводзіцца да таго, “ці прыме дакумент міграцыйная служба”. Сам факт выкарыстання такога дакумента можа стаць падставай:
▪️ для дадатковых праверак;
▪️ для выкліку на інтэрв’ю;
▪️ для аналізу паездак і дакументаў;
▪️ для пачатку працэдуры пазбаўлення статусу», — папярэджвае ініцыятыва.

Наяўнасць крымінальнай справы па факце выкарыстання сімвалічнага дакумента можа паслужыць падставай для пачатку новай працэдуры пазбаўлення абароны ў сувязі з крымінальным злачынствам.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!