Беларусь перадала Польшчы інфармацыю пра «падрыхтоўку тэракту» на яе тэрыторыі

Міністэрства замежных спраў Беларусі заявіла аб перадачы польскаму боку інфармацыі пра магчымую падрыхтоўку тэрарыстычнага акта на тэрыторыі Польшчы.

Як паведамілі ў беларускім МЗС, звесткі былі перададзеныя часоваму паверанаму ў справах Польшчы ў Беларусі Кшыштафу Ажанне падчас сустрэчы ў ведамстве. Паводле сцвярджэння беларускага боку, інфармацыя паступіла па лініі праваахоўных органаў.

«Было паведамлена, што асобай, якая знаходзіцца ў Польшчы, асуджанай у Рэспубліцы Беларусь паводле цэлага шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якая нядаўна была пазбаўленая польскімі ўладамі дадатковай абароны і права пражывання ў краіне, рыхтуецца тэрарыстычны акт, галоўнай мэтай якога павінны стаць непаўналетнія дзеці актывісткі, якая пражывае ў Польшчы і мае беларускае грамадзянства, з меркаванняў помсты за недастатковыя намаганні па захаванні за згаданай асобай названага вышэй статусу ў Польшчы», — праінфармавалі ў беларускім знешнепалітычным ведамстве.

«Польскаму прадстаўніку таксама было даведзена, што дадатковыя звесткі па гэтым пытанні пры неабходнасці і па меры іх паступлення будуць перадавацца па каналах узаемадзеяння паміж адпаведнымі кампетэнтнымі органамі дзвюх краін», — дадалі ў МЗС.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!