Раскол адбыўся ў найбуйнейшай апазіцыйнай партыі Польшчы

Найбуйнейшая апазіцыйная партыя Польшчы «Права і справядлівасць» перажывае крызіс. Яе пакінулі больш за 30 дэпутатаў. Пра гэта сёння афіцыйна абвясціў кіраўнік партыі Яраслаў Качыньскі.

«Больш за 30, дакладна яшчэ невядома, але ўжо можна сказаць, што больш за 30, зыходзячы з ужо прынятых рашэнняў, члены нашай партыі падалі ў адстаўку. Таму на наступным тыдні ў аўторак адбудзецца пасяджэнне Палітычнага камітэта, які прызнае гэты факт», — сказаў ён.

Яшчэ вясной гэтага года былы прэм’ер-міністр краіны і намеснік старшыні «ПіС» Матэвуш Маравецкі заявіў пра стварэнне аб’яднання «Развіццё+» з ліку дэпутатаў і членаў партыі з больш цэнтрысцкай праграмай. Яшчэ адно аб’яднанне з’явілася вакол іншага крыла партыі з выразным правым ухілам. Яго стварыў Яцэк Сасін. Яно падтрымлівае афіцыйнага кандыдата на пасаду прэм’ер-міністра на будучых выбарах Пшэмыслава Чарнека.

На мінулым тыдні Яраслаў Качыньскі паставіў ультыматум: усе аб’яднанні павінны быць ліквідаваныя, а дэпутаты — падпісаць заявы аб лаяльнасці партыі. Аб’яднанне Сасіна самараспусцілася. Аднак Матэвуш Маравецкі не пайшоў на такі крок. Яго падтрымалі больш за 30 паплечнікаў па «Развіцці+». Бакі прапаноўвалі кампраміс, у тым ліку прыпыненне дзейнасці аб’яднання да парламенцкіх выбараў, але згоды не дасягнулі.

Апытанні апошнім часам паказваюць не найлепшыя вынікі для «ПіС». Хоць партыя ў рэйтынгах застаецца другой пасля кіроўнай «Грамадзянскай кааліцыі», аднак сукупная доля дзвюх «Канфедэрацый», якія адрозніваюцца больш радыкальнымі правымі пазіцыямі, ужо большая, чым у «Права і справядлівасці». Таксама выбарчы парог пераадольваюць «Новыя левыя».

Папярэднія апытанні паказваюць, што новая палітычная сіла на чале з Маравецкім мае шанцы прайсці ў Сейм па выніках выбараў, якія павінны адбыцца ў наступным годзе.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!