Фото: Банк России
Банк Расіі прыняў рашэнне знізіць ключавую стаўку да 14%. Як і папярэднім разам, стаўка зніжаная ўсяго на 0,25 п.п. Да гэтага расійскі рэгулятар зніжаў стаўку больш высокімі тэмпамі. Тлумачачы паступовае зніжэнне стаўкі, Банк Расіі намякнуў на праблемы з НПЗ, якія падвергліся налётам беспілотнікаў.
«Істотны рост цэн і павышэнне інфляцыйных чаканняў у летнія месяцы шмат у чым былі звязаныя з аднаразовымі фактарамі. Ацэнка паказчыкаў устойлівай інфляцыі застаецца ў дыяпазоне 4–5% у пераліку на год. Рост крэдытавання ў чэрвені крыху запаволіўся. Прадпрыемствы істотна знізілі чаканні адносна будучага попыту і выпуску.
Разам з тым з улікам прамых і другасных эфектаў ад часовага скарачэння вытворчых магчымасцяў у асобных галінах і больш стымулюючай бюджэтнай палітыкі на трохгадовым гарызонце, чым прагназавалася ў красавіку, патрабуецца больш паступовае зніжэнне ключавой стаўкі», — гаворыцца ў заяве.
Базавы сцэнар прадугледжвае сярэднюю ключавую стаўку ў дыяпазоне 14,5–14,6% гадавых у 2026 годзе і 10,5–12,5% гадавых у 2027 годзе. Паводле прагнозу Банка Расіі, праз істотны рост цэн на паліва гадавая інфляцыя складзе 6–7% у 2026 годзе.
Адзначаецца, што інфляцыйныя чаканні насельніцтва, бізнесу і ўдзельнікаў фінансавага рынку выраслі. Іх захаванне на павышаным узроўні можа перашкаджаць устойліваму запаволенню інфляцыі.
Банк Расіі таксама панізіў прагноз росту ВУП РФ у 2026 годзе. Цяпер ён складае ад 0% да 1%.
Наступны раз Банк Расіі будзе прымаць рашэнне аб узроўні ключавой стаўкі 11 верасня.
Нагадаем, Расія з’яўляецца асноўным гандлёвым партнёрам Беларусі. Памер ключавой стаўкі ў РФ уплывае на кошт крэдытаў у гэтай краіне, а таксама ўскосна — на попыт на беларускія тавары, найперш інвестыцыйныя.